Тым часам высокапастаўлены вайсковы чыноўнік у Тэгеране пагражаў пашырыць атакі Ірану па ўсім рэгіёне, намякаючы, што хаўрусныя Ірану паўстанцы-хусіты ў Емэне могуць узмацніць атакі на навігацыю ў Чырвоным моры, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Начное зацішша ў атаках 26 ліпеня наступіла за два дні да заплянаванай у Вашынгтоне ключавой сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ізраільскага лідэра Біньяміна Нэтаньягу.
Гэты візыт 28 ліпеня адбудзецца роўна празь пяць месяцаў пасьля таго, як амэрыканскія й ізраільскія войскі пачалі шырокамаштабную кампанію авіяўдараў па іранскіх аб’ектах.
Іран адбіў наступ, атакуючы саюзьнікаў ЗША на Блізкім Усходзе і фактычна закрыўшы Армускую пратоку, вузкі водны шлях, празь які звычайна ідзе на ўсясьветныя рынкі велізарная колькасьць нафты і газу .
У апошнія тыдні Вашынгтон абвясьціў частковае спыненьне агню, хоць да 24 ліпеня амаль два тыдні запар ЗША бамбілі іранскія цэлі. Зацішша ў атаках ЗША было вынікам рашэньня дазволіць закулісныя мірныя перамовы, заявіў Майк Уолц, амбасадар ЗША ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў.
Трамп «трымае ўсе варыянты на стале», — сказаў Уолц у інтэрвію NBC News.
«Тое, што прэзыдэнт робіць зараз, як мы бачылі ўвесь час, — дае перамовам пэўную прастору. Перамовы працягваюцца. Яны адбываюцца на ўсіх узроўнях, ад больш тэхнічнага аспэкту да самага высокага ўзроўню, вядома».
Але зацішша часткова было выклікана скарачэньнем амэрыканскіх запасаў перахопнікаў для зьбіваньня іранскіх ракет, што, паводле The New York Times, турбавала амэрыканскіх ваенных плянавальнікаў.
Віцэ-прэзыдэнт Дж.Д. Вэнс і генэрал Дэн Кейн, старшыня Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў, выказалі занепакоенасьць эскаляцыяй на сустрэчы ў Белым доме, паведамляе CNN.
«Шмат запасаў было вычарпана ня толькі за кошт таго, што мы далі Ўкраіне за апошнія некалькі гадоў, чатыры ці пяць гадоў», — сказаў ён у інтэрвію NBC, якое выйшла ў этэр 26 ліпеня.
Прадстаўнік іранскіх вайскоўцаў 26 ліпеня папярэдзіў, што вайна пашырыцца яшчэ больш, калі ЗША пастановяць аднавіць свае атакі.
«Гэтыя атакі працягваліся да пазаўчорашняй ночы, але за апошнія дзьве ночы амэрыканцы спынілі свае атакі», — цытуе прадстаўніка арміі Мухамада Акрамінію паўафіцыйнае іранскае інфармацыйнае агенцтва Mehr.
«Паколькі наша стратэгія ў істоце была стратэгіяй помсты, мы таксама спынілі нашы апэрацыі ў адказ», — сказаў ён.
Выступаючы ў Белым доме 26 ліпеня, Трамп заявіў, што ня вырашыў, ці вяртацца да паўнавартаснай апэрацыі. Ён таксама сказаў, што Іран стаіць перад выбарам паміж угодай і ўдарамі на «значна вышэйшым узроўні».
Акрамя занепакоенасьці з прычыны амэрыканскіх запасаў зброі, на ваенныя пляны Белага дому можа паўплываць і рост сумневаў сярод амэрыканскіх выбарнікаў. Апытаньні паказваюць, што вайна з Іранам у цэлым непапулярная, што можа стаць сурʼёзнай праблемай для Рэспубліканскай партыі Трампа на будучых прамежкавых выбарах у Кангрэс у лістападзе.
Паўстанцы-хусіты ў Емэне заявілі, што яны зьбілі дрон, запушчаны хаўруснай ЗША Саудаўскай Арабіяй, — гэта апошняе з чарады дробных сутыкненьняў, якія распальваюць страх перад пашырэньнем канфлікту ў Іране на ўвесь рэгіён.
Апошнімі днямі хусіты таксама ўзялі на сябе адказнасьць за атакі нафтавых абʼектаў Саудаўскай Арабіі. 26 ліпеня дзяржаўная тэлевізія Ірану паведаміла, што за прамінулыя 24 гадзіны іранскія вайскоўцы спынілі шэсьць караблёў, якія спрабавалі прайсьці цераз Армускую пратоку. Тэгеран заявіў, што дасягнуў прагрэсу ў перамовах з Аманам, які мяжуе з найвузейшай часткай пратокі, аб «агульных прынцыпах і апэрацыйных мэханізмах» навігацыі. Аман і Іран заявілі, што абмяркуюць увод платы за паслугі, што супярэчыць пазыцыі Вашынгтону.