Напярэдадні са Сьвятланай разьвіталіся родныя і найбліжэйшыя сябры. Паводле яе апошняй волі, пасьля сьмерці правялі крэмацыю.
Блізкія загадзя папрасілі ўсіх, хто прыйдзе на грамадзкае разьвітаньне, не прыносіць шмат кветак і ўстрымацца ад фатаграфаваньня.
Памінальная імша прайшла па-беларуску ў парафіі сьвятога Аляксандра ў Варшаве. Гэты касьцёл наведвала і сама Сьвятлана. Адным з апошніх яе публічных выступаў стаў адкрыты ўрок беларускай мовы, які яна правяла менавіта тут. У гэтай жа сьвятыні штодзень праводзіць набажэнствы беларускае душпастырства Варшавы.
Перад імшой хтосьці проста перад касьцёлам надзявае на спартовыя шорты і цішотку цёмныя штаны і кашулю. Людзі абмяркоўваюць колеры адзеньня, у якім яны прыйшлі на разьвітаньне, і ці абавязкова варта надзяваць чорнае, і што пра гэта б сказала сама Сьвятлана. Абдымаюцца і ўспамінаюць, як апошні раз бачыліся ці размаўлялі зь ёй.
Каб правесьці сьвятую імшу, ксёндз Вячаслаў Барок прыехаў у Варшаву зь пешай пілігрымкі ў Кастамлоты. Разам зь ім прыехалі яшчэ некалькі пілігрымаў. Падчас імшы перад алтаром стаяла ўрна з прахам Сьвятланы на бел-чырвона-белым сьцягу. Памаліцца за супакой ейнай душы прыйшлі сотні чалавек. Сярод тых, хто прыйшлі ў апошні раз разьвітацца зь пісьменьніцай, чуваць беларускую, польскую, расейскую і нават нямецкую мовы.
Людзі прыслухаліся да просьбы абмежаваць колькасьць кветак. Перад пачаткам богаслужбы яны па чарзе несьлі на столік з урнай па адной кветцы. Яшчэ адну просьбу сям’і ўстрымацца ад фатаздымкаў многія праігнаравалі. Людзі моўчкі падыходзілі адзін да аднаго, абдымаліся, плакалі.
Разьвітацца са Сьвятланай прыйшлі Аляксандар Ждановіч, Алесь Дзянісаў, Андрусь Такінданг, Аляксандар Чарнуха, Валер Руселік, Анатоль Шырвель, Аляксандар Памідораў, Сяргей Будкін, многія іншыя вядомыя асобы.
«Бог сатрэ зь іхніх вачэй кожную сьлязу», — гэтымі словамі распачаў богаслужбу ксёндз Вячаслаў.
Імшу правёў ксёндз Вячаслаў Барок
Падчас казані ён адзначыў, што самы горшы грэх — страціць надзею. І зьвярнуў увагу на апошні допіс Сьвятланы ў Facebook — пра кнігу «Ад вясны да вясны», якую яна хацела набыць. «Яна чакала вясны свайго жыцьця, вясны Беларусі», — заўважыў ксёндз Вячаслаў. Ён таксама расказаў, што Сьвятлана паспавядалася ў сваіх грахах перад сьмерцю і паядналася з Богам, што важна для хрысьціянаў.
«Яна любіла сваё. І гэта не было нешта штучнае», — падкрэсьліў сьвятар.
Паводле яго, Сьвятлана рабіла шмат дабра, жыла любоўю да Беларусі, была глыбокім чалавекам і вельмі любіла слова «трывушчасьць». Ён дадаў, што гэта выразна адчуваецца ў ейных кнігах і інтэрвію.
Богаслужбу завяршылі гімнам «Магутны Божа». Пасьля гэтага ў касьцёле пад арган выканалі яшчэ некалькі жалобных музычных твораў, у тым ліку кампазыцыю, да стварэньня якой была датычная і сама Сьвятлана.
Разьвітаньне са Сьвятланай Курс. ФОТАГАЛЕРЭЯ
Пасьля сьвятой імшы жалобная працэсія накіравалася ў Музэй Вольнай Беларусі, дзе працягнулася грамадзкае разьвітаньне. Зайграла скрыпка, на праектары — шэраг фота Сьвятланы ў маладосьці, дзяцінстве і дарослым жыцьці.
У музэі выступілі беларускія грамадзкія дзеячы. Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сказала, што Сьвятлана Курс была ўвасабленьнем тых якасьцяў, зь якімі асацыююцца беларусы: руплівасьці, чалавечнасьці, эмпатыі.
«Яна выпраменьвала сьвятло і аптымізм, для якіх, магчыма, і не было падстаў, але гэта адчувалася», — адзначыла Ціханоўская, якая была знаёмая з пісьменьніцай.
Выступілі таксама палітык Павал Латушка, кіраўнік сайту «Белсат» Анатоль Шырвель. Выдаўчыня кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Алена Казлова таксама заўважыла, што ў Сьвятлане было сьвятло. Яна расказала, што ў гэты дзень прайшлася па варшаўскім раёне Воля, дзе жыла Сьвятлана, наведала на рынак «Алімпія».
Алена Казлова
Кіраўнік Катынскага музэю Сэбастыян Карват выказаў жаль з нагоды сьмерці Сьвятланы. У апошнія гады яна працавала там з архівам ахвяраў рэпрэсій. Паводле Карвата, Сьвятлана марыла калісьці напісаць кнігу пра «сваіх хлопцаў» — людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў.
«Мы ня можам уявіць Катынскі музэй без Сьвятланы. Хаця мы ведалі, якая выбітная асоба Сьвятлана, яна ў штодзённай працы не паказвала гэтага, бо была вельмі сьціплай асобай, да перабольшваньня. Яна ніколі не падкрэсьлівала, якія ўзнагароды атрымала. Мы даведваліся пра гэта з мэдыя. Казала, што няма, пра што гаварыць. А праз хвіліну пыталася: „А як у цябе прайшоў уікэнд?“» — успомніў ён.
Вядоўца праграмаў на «Белсат» і «Вот так» Яраслаў Сьцешык расказаў, што яны былі з Сьвятланай, «дзеўкай зь вёскі», землякамі. Яны праводзілі дзяцінства ў адных і тых жа краях. Хаця пазнаёміліся толькі ў Варшаве.
«Я ведаю, чаго яна такая як кветка, бо там вельмі прыгожа, там цудоўна», — расказаў пра ейныя родныя мясьціны Сьцешык.
Выкладчык Сьвятланы Курс успомніў, што яна яшчэ ў студэнцтве цікавілася тым, што датычыць Беларусі.
«Летуценьніца і даступны чалавек», — так ён коратка апісаў сваю былую студэнтку.
Велічнай асобай назваў Павал Латушка Сьвятлану Курс.
Павал Латушка
Кожны, хто прыйшоў на разьвітаньне, мог пакінуць адно слова для Сьвятланы Курс на аркушыках паперы. Пазьней гэтыя словы могуць зьявіцца на ейным надмагільлі.
Грамадзкае разьвітаньне працягвалася да 18:30. Напрыканцы арганізатары абвясьцілі адкрыты мікрафон, каб усе, хто ведаў Сьвятлану, маглі падзяліцца сваімі ўспамінамі і невялікімі гісторыямі зь ейнага жыцьця.
Пазьней урну з прахам Сьвятланы Курс плянуюць перавезьці ў Беларусь і пахаваць на радзіме.
- Сьвятлана Курс памерла 19 ліпеня ў Варшаве. Ёй было 54 гады. Больш за год Сьвятлана лекавалася ад анкалёгіі. Яна даведалася пра сваё захворваньне летась увесну, калі рак ужо быў у апошняй стадыі. Лекары тады давалі беларусцы яшчэ менш часу.
- Самая вядомая кніга Евы Вежнавец (так Курс падпісвала свае творы. — РС), якую пераклалі ўжо на некалькі моваў, «Па што ідзеш, воўча?» выйшла ў 2020 годзе. Аўтарка пісала гэты твор дзесяць гадоў. Столькі ж па часе заняла і кніга апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». Напрацоўкі да апошняй сваёй кнігі Сьвятлана зьнішчыла перад сьмерцю.
- Сьвятлана Курс нарадзілася ў вёсцы Загальле на Любаншчыне ў 1972 годзе. Скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пісала і супрацоўнічала з «Нашай нівай», «Эўрарадыё», «Радыё Свабода», «Arche» і іншымі выданьнямі. Шмат гадоў жыла ў Польшчы. Працавала з пажылымі людзьмі як сацыяльны работнік. У апошнія гады працавала ў Катынскім музэі ў Польшчы з архівам ахвяраў рэпрэсій.
- У апошні год паміж лекаваньнем яна ўдзельнічала ў кніжных фэстывалях і публічных сустрэчах, давала інтэрвію. У нейкі момант пісала ў сацыяльных сетках пра паляпшэньне свайго стану. Але сёлета зноў трапіла ў шпіталь. У яе засталіся муж, сын, маці і брат.