СМІ: МТС рыхтуецца аднавіць рэтрансьлятар на Гомельшчыне, які мог быць зьнішчаны пасьля папярэджаньня Зяленскага

Расейскі вайсковец рыхтуе да запуску бесьпілётнік

Беларускі мабільны апэратар МТС абвясьціў тэндэр на аднаўленьне базавай станцыі ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці, зьвярнула ўвагу выданьне «Флагшток». На рамонт 39-мэтровай вышкі кампанія гатовая выдаткаваць каля 9 тысяч даляраў.

У дакумэнтах не пазначана, што менавіта пашкоджана, але да закупкі прыкладзены поўны камплект чарцяжоў мэталяканструкцыяў і электратэхнічнага абсталяваньня. Гэта адзіны вядомы цяпер тэндэр МТС менавіта на аднаўленьне аб’екта, а не на яго абслугоўваньне.

Раней незалежнае выданьне This Minsk Media са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамляла, што ў канцы чэрвеня вышка пад Лельчыцамі магла быць атакаваная ўкраінскім дронам. Паводле гэтай інфармацыі, першая спроба прывяла да ляснога пажару, а другі ўдар прыйшоўся непасрэдна па вышцы. Афіцыйна гэтыя зьвесткі не пацьвярджаліся.

Чаму гэта важна

Гэтая гісторыя можа быць зьвязаная з заявай прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які ў чэрвені паведаміў, што Кіеў прасіў Менск адключыць рэтрансьлятары, празь якія расейскія дроны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для навігацыі. Паводле Зяленскага, адказу не было, і Ўкраіна «сама вырашыла гэтую праблему».

Пазьней Зяленскі заявіў, што чатыры такія рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях перасталі працаваць. Былы галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі таксама казаў, што адзін зь іх яшчэ ненадоўга ўключалі, але выказаў сумнеў, што гэта паўторыцца.

Афіцыйна ні Беларусь, ні Ўкраіна не паведамлялі пра ўдары па гэтых абʼектах. Аднак новая закупка МТС можа быць першым ускосным сьведчаньнем таго, што адна з такіх вышак сапраўды была сурʼёзна пашкоджаная.