Арганізатары адзначылі, што запрасілі Калесьнікаву як чалавека, чыя гісторыя стала прыкладам таго, як мастацтва можа даваць мужнасьць і падтрымку нават ва ўмовах рэпрэсіяў. Адна з арганізатарак фэстывалю Карын Бэргман заявіла, што «мова музыкі і паэзіі заўсёды мацнейшая за гвалт, тыранію і самавольства», — цытуе яе DW.
Прафэсійная флейтыстка Марыя Калесьнікава стала адной зь лідэрак беларускіх пратэстаў 2020 году. У верасьні 2021 яе засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у «змове з мэтай захопу ўлады» і іншых палітычна матываваных артыкулах. Да гэтага яна сарвала спробу прымусовай высылкі з краіны, разарваўшы свой пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы.
У сьнежні 2025 году Калесьнікаву вызвалілі разам яшчэ са 122 палітвязьнямі пасьля перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, якія прывялі да частковага зьмякчэньня амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі. Пасьля вызваленьня яна пакінула Беларусь.
Марыя Калесьнікава — ганаровая прафэсарка ўнівэрсытэту «Моцартэўм» у Зальцбургу і ляўрэатка Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага.
Музычную праграму адкрыцьця ўзначаліў беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак разам з аркестрам «Моцартэўм». Пасьля падзеяў 2020 году ён адкрыта выступіў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер займае пасаду галоўнага дырыжора Нямецкай опэры на Рэйне ў Дзюсэльдорфе.
Зальцбурскі фэстываль — адзін з найбуйнейшых у сьвеце фэстываляў клясычнай музыкі і тэатру. Сёлета ён працягнецца да канца жніўня. У праграме — больш за 170 канцэртаў і спэктакляў з удзелам вядучых аркестраў, дырыжораў і салістаў з усяго сьвету.