Вядомага беларускага дырыгента Віталя Алексяёнка, які ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і напісаў пра іх кнігу, прызначылі новым галоўным дырыгентам Нямецкай опэры на Рэйне. Аб гэтым ён напісаў у Facebook.
32-гадовы дырыгент Віталь Аляксеёнак стане галоўным дырыгентам Нямецкай опэры на Рэйне ў Дзюсэльдорфе і Дуйсбургу, пачынаючы з сэзону 2024/2025 гадоў. Гэтую пасаду ён будзе займаць цягам трох сэзонаў. Апроч таго, налета беларус стане намесьнікам музычнага дырэктара тэатру:
«Пасада галоўнага дырыгента адразу двух опэрных тэатраў (у Дзюсэльдорфе і Дуйсбургу, з агульнай колькасьцю насельніцтва ў абодвух гарадах больш за мільён чалавек) — гэта ня толькі вялікая радасьць, але і вялікая адказнасьць, якую я ўсьведамляю і цаню. Падарожжа пачынаецца!»— напісаў дырыгент.
Цяпер Алексяёнак працуе ў Нямецкай опэры ў якасьці капэльмайстра. Ён вядомы сваімі пастаноўкамі опэр «Сакваяж» Стравінскага і «Маленькі прынц» Вальтыноні — апошнюю ён паставіў у знакамітым мілянскім тэатры «Ля Скаля».
Віталь Алексяёнак родам зь Вілейкі, ён выпускнік Санкт-Пецярбургскай кансэрваторыі, ляўрэат прафэсійных конкурсаў у Італіі і Нямеччыне.
У 2020 годзе Віталь прыехаў у Менск і ўдзельнічаў у пратэстах, выступаў на музычных акцыях разам з «Вольным хорам». Пасьля вяртаньня ў Нямеччыну Віталь напісаў кнігу «Белыя дні Менску. Нашыя мары пра свабодную Беларусь» — першую кнігу пра беларускія пратэсты, якая выйшла на нямецкай мове.
У верасьні 2022 году на Бэтховенскім фэстывалі Аляксеёнак стаў музычным кіраўніком праекту, прысьвечанага Беларусі і палітвязьняволенай Марыі Калесьнікавай, якая таксама шмат гадоў жыла ў Нямеччыне.
Акрамя таго, Віталь Алексяёнак зьяўляецца артыстычным дырэктарам Харкаўскага музычнага фэстывалю.