Разьвітаньне зь Сьвятланай Курс адбудзецца ў нядзелю 26 ліпеня ў Варшаве

Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец), архіўнае фота

Сьвятлана Курс памерла 19 ліпеня ў Варшаве, дзе жыла доўгі час.

Памінальная імша распачнецца а 14.00 у касьцёле сьвятога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца а 15.30 у Музэі Вольнай Беларусі па вуліцы Фоксаль, 11 (Foksal 11).

Сям’я просіць абмежаваць колькасьць кветак.

Раней родныя пісьменьніцы ўзялі крэдыт на разьвітаньне. Фонд BySol на іх просьбу пачаў збор грошай, і ўсю суму ў 6 тысяч эўра сабралі за некалькі гадзін. На раніцу 23 ліпеня сабралі ўжо 6354 эўра.

Па цырымоніі разьвітаньня цела Сьвятланы Курс плянуюць перавезьці ў Беларусь і там пахаваць.

Хто такая Сьвятлана Курс

Пра сьмерць адной з найвядомейшых беларускіх пісьменьніц сучаснасьці паведаміла сям’я. Пазьней стала вядома, што яна памерла 19 ліпеня.

Сьвятлана Курс паходзіць зь Любаншчыны. Яна даўно жыла ў Польшчы.

У першым нумары часопісу Аrche ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў «Кнігарні Нашай Нівы» выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе яна апублікавала ў «Нашай Ніве» апавяданьне «Параска і яе чорны бык» не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.

У 2020 годзе пад псэўданімам Ева Вежнавец выйшла яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»/Выдавец Раман Цымбераў). Твор пераклалі на некалькі моваў сьвету, а кніга стала адной з найбольш прадаваных у беларускіх кнігарнях. У 2021 годзе яна атрымала за кнігу прэмію Ежы Гедройця.

У канцы чэрвеня кнігу Сьвятланы Курс (Евы Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую ўключылі ў доўгі сьпіс польскай прэміі Angelus. У пачатку ліпеня Сьвятлана на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прасіла прывезьці ёй пэўную кнігу зь Беларусі. Празь некалькі дзён яе ня стала.

Летась стала вядома, што ў Курс дактары знайшлі рак яечніка ў позьняй стадыі.

У траўні беларусы сьвету за адзін дзень сабралі для пісьменьніцы 12 тысяч эўра на лячэньне замест 10 тысяч, якія прасілі на зборы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьвятлана Курс на Свабодзе — пра творчасьць, беларусак, Расею, сьмерць і радасьць жыцьця


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта прыгожа, як агонь». Як дамаўляліся выдаць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»