Сустрэчу зладзілі фундацыя «Дапамога палякам на ўсходзе» імя Яна Альшэўскага і віленскі аддзел Зьвязу палякаў Літвы.
Тэатральная заля Дому польскай культуры ў Вільні, якая зьмяшчае больш за 200 гледачоў, была поўнай. На сустрэчу з Пачобутам прыйшлі і беларусы, якія, як і ён, адбывалі пакараньне ў беларускіх вязьніцах.
Анджэя Пачобута ў Вільні віталі воплескамі, кветкамі і воклічамі «Жыве Беларусь!» Анджэй у адказ казаў, што адчувае сябе «на Віленшчыне як на радзіме», вельмі рады бачыць Віленскі край і ягоных жыхароў, бачыць твары беларусаў. Размова ішла напалову па-польску і беларуску.
Ад імя літоўскіх палякаў беларуса вітаў Чэслаў Акінчыц, былы дарадца прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса. Акінчыц адзначыў, што Пачобут заплаціў гадамі турмы за свае перакананьні, і назваў яго годным прадстаўніком трох народаў — польскага, беларускага і літоўскага — якія разам стагодзьдзямі змагаліся за волю сваіх краінаў.
«Таксама пан Анджэй стаў сымбалем ня толькі для палякаў у Беларусі, але і для ўсіх, хто цэніць свабоду слова», — сказаў Чэслаў Акінчыц і падзякаваў журналісту за мужнасьць у барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі.
Становішча польскай меншасьці Беларусі
Журналіст Анджэй Пачобут па нацыянальнасьці паляк, ён шматгадовы актывіст Зьвязу палякаў Беларусі. Адпаведна, частка пытаньняў яму была пра стан польскай меншасьці ў Беларусі. Пачобут назваў яго «вельмі складаным». Паводле ягоных зьвестак, толькі 3 тысячы дзяцей у Беларусі маюць магчымасьць вывучаць польскую мову — «гэта вельмі мала».
Анджэй згадаў, што ў канцы 1980-х гадоў увогуле не было магчымасьці навучаць дзяцей у Беларусі па-польску. Але потым польская мова адрадзілася.
«Сытуацыя з польскім выкладаньнем пад татальным кантролем дзяржавы. Калі яшчэ засталося навучаньне мове, дык цалкам няма навучаньня гісторыі. Усё аточана чырвонымі сьцяжкамі. Але важны сам факт існаваньня польскай меншасьці. Усё можа зьмяніцца ў лепшы бок, шмат залежыць ад падзей ва Ўкраіне і таго, якім будзе расклад сілаў у рэгіёне», — сказаў Анджэй Пачобут.
Таксама ён адзначыў, што цяпер у беларускіх касьцёлах дамінуе беларуская мова. У школах, як вядома, суцэльна пануе расейская.
Пачобута спыталі пра выбар беларусаў — ён скіраваны ў бок Захаду ці на Ўсход? Што журналісту падказваюць падзеі 2020-га? Ці могуць у Беларусі зьявіцца новыя дэмакратычныя правадыры, як тады?
Былы палітвязень устрымаўся ад прагнозаў, спаслаўшыся на тое, што пяць гадоў адбыў за кратамі і яму складана ацэньваць сытуацыю ў краіне. Але ён адзначыў, што ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, дзейнічае дзяржаўная прапаганда і гэта ня можа не ўплываць на настроі грамадзтва.
Пачобут адказвае на пытаньне
Пра пляны вяртаньня ў Беларусь
І ўсё ж журналіст ня проста марыць, а плянуе ў блізкім часе вярнуцца ў Беларусь.
«Гэтае пытаньне мне задаюць на кожнай сустрэчы. Я і ў турме не зьбіраўся па вызваленьні зьяжджаць з краіны, таму адмаўляўся. Сытуацыя зьмянілася пасьля перамоваў ЗША — ім удалося атрымаць ад уладаў Беларусі абяцаньне, што дазволяць мне вярнуцца. Паеду ў Горадню ў верасьні, працягну працаваць у Зьвязе палякаў Беларусі», — сказаў Пачобут.
Гарадзенка Вольга спытала былога палітвязьня пра ягоную сям’ю, пра тое, якім выйшла ўзьяднаньне з роднымі. Анджэй падзяліўся перажытым.
«Самы вялікі шок быў, калі ўбачыў сына, а ён вышэйшы за мяне… Гэта вельмі складана разумець, што страчаны час. Згодны зь пісьменьнікам Варламам Шаламавым, што лепш ня мець турэмнага досьведу, ён нічога добрага не дадае».
Пра новы шанец Беларусі на вызваленьне ад дыктатуры
Паводле Пачобута, рэжым Лукашэнкі ў 2020 годзе перажыў моцную траўму, якой не пазбыўся дагэтуль.
«Ён трымае ўладу праз страх», — мяркуе Пачобут пра Лукашэнку і дадае: «Але мы бачым цыклічнасьць палітыкі Лукашэнкі адносна Захаду. Не выключаю, што мы на пачатку пацяпленьня, мэта якога зразумелая — праз эканамічнае супрацоўніцтва ўратаваць уладу».
Журналіст мяркуе, што калі Расея ў выніку вайны і крызісу аслабне, Беларусь можа атрымаць «фортку цягам 5 хвілін», кшталту той, якую атрымалі краіны Балтыі ў пачатку 1990-х, калі набылі незалежнасьць і аддаліліся ад Расеі.
«Але гэта толькі магчымасьць, а галоўнае — настроі людзей унутры краіны», — мяркуе былы палітвязень.
Ці можа Масква прымусіць рэжым у Беларусі далучыцца да вайны — адкрыць паўночны фронт супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі?
«Калі б маглі, даўно б адкрылі. Але мяжа там складаная, мяркую, Беларусь не змагла б утрымаць гэты фронт. Але такое яшчэ магчыма, калі ў Расеі будзе абвешчаная мабілізацыя» — мяркуе беларускі журналіст. Ён адзначыў, што тон Лукашэнкі адносна Ўкраіны зьмяніўся, бо «яе пазыцыя ўзмацнілася».
Будзе новая кніга
Былы палітвязень Ільля Міронаў спытаў, ці не зьбіраецца Анджэй Пачобут напісаць кнігу пра гады ў турме.
Анджэй сказаў, што сапраўды такія пляны ў яго ёсьць. Але ня толькі пра катаваньні, але і пра надзею.
«Так, зьбіраюся напісаць кнігу — гэта будзе частка тэрапіі. Напішу, пастаўлю кропку і рушу далей».
Пазыцыя Захаду адносна Беларусі. Якой яна мусіць быць?
Анджэй Пачобут пагадзіўся з меркаваньнем, што пазыцыя Захаду адносна Беларусі дагэтуль ня вызначаная, але ў гэтым, на думку журналіста, вінаватая сама Беларусь.
«Найперш краіна мусіць вызначыцца, куды яна ідзе, дзе яе будучыня. А Захад мусіць не забываць, што Беларусь — не Расея і што яму ня трэба глядзець на Беларусь скрозь прызму Масквы. Гісторыя Беларусі у кожным выпадку будзе інакшай ад гісторыі Расеі», — мяркуе былы палітвязень.