Грошы на разьвітаньне зь Сьвятланай Курс і яе пахаваньне ў Беларусі сабралі за 6 гадзін

Сьвятлана Курс

Збор адкрылі на просьбу родных пісьменьніцы, грошы сабралі за 6 гадзін.

Сям’я памерлай пісьменьніцы Сьвятланы Курс хоча годна разьвітацца з чалавекам, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай мове, літаратуры і журналістыцы, — тлумачыць мэту збору фонд BySol.

У плянах правесьці публічную цырымонію разьвітаньня ў Варшаве. Дакладныя месца і час сям’я асобна паведаміць пазьней. Пасьля гэтага цела Сьвятланы плянуюць перавезьці ў Беларусь, аформіць усе патрэбныя дакумэнты і пахаваць яе на радзіме.

Каб зрабіць гэта магчымым, сям’я ўжо мусіла ўзяць крэдыт, гавораць арганізатары збору. Менавіта пагасіць гэты крэдыт просяць дапамагчы беларусаў сьвету.

Сума збору складае €6000, на раніцу 23 ліпеня сабралі 6354 эўра. Зь іх патрэбна:

  • €2000 — на арганізацыю публічнай цырымоніі разьвітаньня зь Сьвятланай у Варшаве
  • €2200 — на рэпатрыяцыю цела з Польшчы ў Беларусь
  • €800 — на афармленьне неабходных дакумэнтаў і консульскіх дазволаў
  • €1000 — на арганізацыю пахаваньня ў Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зь ёй абсалютна незаўважна ляцеў час». Беларусы ўспамінаюць Сьвятлану Курс і Еву Вежнавец

Хто такая Сьвятлана Курс

Пра сьмерць адной з найвядомейшых беларускіх пісьменьніц сучаснасьці паведаміла сям’я. Пазьней стала вядома, што яна памерла 19 ліпеня.

Сьвятлана Курс паходзіць зь Любаншчыны. Яна даўно жыла ў Польшчы.

У першым нумары часопісу Аrche ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў «Кнігарні Нашай Нівы» выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе яна апублікавала ў «Нашай Ніве» апавяданьне «Параска і яе чорны бык» не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.

У 2020 годзе пад псэўданімам Ева Вежнавец выйшла яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»/Выдавец Раман Цымбераў). Твор пераклалі на некалькі моваў сьвету, а кніга стала адной з найбольш прадаваных у беларускіх кнігарнях. У 2021 годзе яна атрымала за кнігу прэмію Ежы Гедройця.

У канцы чэрвеня кнігу Сьвятланы Курс (Евы Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую ўключылі ў доўгі сьпіс польскай прэміі Angelus. У пачатку ліпеня Сьвятлана на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прасіла прывезьці ёй пэўную кнігу зь Беларусі. Празь некалькі дзён яе ня стала.

Летась стала вядома, што ў Курс дактары знайшлі рак яечніка ў позьняй стадыі.

У траўні беларусы сьвету за адзін дзень сабралі для пісьменьніцы 12 тысяч эўра на лячэньне замест 10 тысяч, якія прасілі на зборы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьвятлана Курс на Свабодзе — пра творчасьць, беларусак, Расею, сьмерць і радасьць жыцьця