Беларускія школы зь верасьня пачнуць падключаць да сыстэмы «Электронная школа»

Ілюстрацыйны здымак

Разьбіраемся, што гэта за сыстэма і навошта яна патрэбная.

300 школаў Беларусі пачнуць працаваць у аўтаматызаванай сыстэме «Электронная школа» з 1 верасьня. Пра яе расказалі ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле задумы, праект спросьціць узаемадзею ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу і дазволіць перайсьці ад папяровага дакумэнтаабароту да лічбавага. Гэта павысіць якасьць кіраваньня школамі і зьнізіць папяровую нагрузку на пэдагогаў.

У школах, якія першымі пойдуць такім шляхам, укарэняць электронныя настаўніцкі журнал і вучнёўскі дзёньнік.

Карыстацца інструмэнтамі інфасыстэмы змогуць вучні, бацькі і пэдагогі. Астатнія школы будуць пераводзіць на яе на працягу навучальнага году паэтапна. Для іх будуць праводзіць навучальныя вэбінары па працы з сыстэмай і забясьпечаць пастаянную тэхнічную падтрымку.

Для школаў, якія ўжо выкарыстоўваюць іншыя электронныя плятформы, нічога не зьмяняецца — яны прадоўжаць працаваць у штатным рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мова, культура, салідарнасьць. Як падзеленае межамі беларускае грамадзтва можа супрацьстаяць ідэалёгіі «русского мира»

Што гэта значыць?

Размовы пра ўсё больш шырокае ўвядзеньне кампутарных тэхналёгій у школьную асьвету ідуць у Беларусі ня першы год. Школы кампутарызуюцца. Дасьледаваньняў і статыстыкі на тэму, наколькі гэта сапраўды вызваліла пэдагогаў ад папяровай працы па-за клясай пакуль не было.

У той жа час у беларускіх школах працягваецца інтэнсіўны ідэалягічны ціск. Напрыклад, у школах Гомельшчыны ў пачатку 2026 году праходзілі лекцыі, на якіх вучняў страшылі «экстрэмістамі» і заклікалі не далучацца да «сумнеўных» ініцыятыў.

Пазьней Міжнародная ініцыятыва iSANS прааналізавала працэсы, характэрныя для галіны адукацыі ў Беларусі. Навіны і падзеі траўня адмыслоўцы падзялілі на некалькі пунктаў. Вынікі майскага маніторынгавага дасьледаваньня прадэманстравалі, сярод іншага, разьвіцьцё ранейшых тэндэнцый, характэрных для беларускай адукацыі ў апошнія гады: абмежаваньне права палітычна неляяльных грамадзян на пэдагагічную дзейнасьць і ўзмацненьне ідэалягічнага кантролю з боку дзяржавы над сфэрай адукацыі.

У прыватнасьці, адбылося масавае ўцягваньне прарасейскіх арганізацый у сьвяткаваньне Дня Перамогі. Так званыя «Русские дома» правялі ў розных гарадах Беларусі шэраг сустрэчаў. У іх бралі ўдзел і прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных устаноў — Беларускай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі.

Таксама аналіз паказаў, як у Беларусі інтэнсыфікуецца працэс мілітарызацыі адукацыі. Травень адзначыўся пачаткам абавязковых навучальна-палявых збораў для вучняў 10-х клясаў ва ўсіх школах краіны. Упершыню працягласьць збораў павялічылася да 10 дзён, аднак яшчэ больш значнай зьменай стаў новы фармат іх правядзеньня.

Такім чынам, актыўнае ўваходжаньне новых тэхналёгій у жыцьцё школы не дапамагае вызваліць вучняў ад ідэалёгіі «русского мира» і лекцый пра шкоду пратэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Школьнікі ня змогуць перайсьці ў выпускную клясу, калі адмовяцца ад навучальна-палявых збораў