80-гадовы прэзыдэнт Нікарагуа назаўсёды скасаваў выбары, каб да ўлады не прыйшла апазыцыя

Даніель Артэга

Прэзыдэнт Нікарагуа Даніель Артэга заявіў, што ў краіне больш ня будзе выбараў.

80-гадовы Даніель Артэга сказаў гэта ў першым за два месяцы публічным выступе, перадае Reuters.

«Тут больш ня будзе выбараў, на якіх яны маглі б паспрабаваць захапіць урад, захапіць уладу. Дні, калі партыі, якія карысталіся падтрымкай янкі і самасыстаў, маглі б вярнуць сабе ўладу, прайшлі і ніколі ня вернуцца», — сказаў Артэга (самасыстамі ён назваў прыхільнікаў зрынутага ў 1979 годзе Анастасіё Самосы).

Ён таксама абвясьціў, што ўрад сумесна з падкантрольнай яму Нацыянальнай асамблеяй прыме пакет законаў — «сьцяну» ад таго, што Артэга назваў вяртаньнем «путчыстаў і здраднікаў» да ўлады, піша выданьне Havana Times.

Даніэль Артэга кіруе Нікарагуа з 2007 году, а да гэтага ўжо быў прэзыдэнтам у 1979–1990 гадах.

Яго цяперашні тэрмін заканчваецца налета. Апошнія выбары ў Нікарагуа прайшлі ў 2021 годзе. Назіральнікі і праваабаронцы называлі іх сфальсыфікаванымі: перад галасаваньнем Артэга арыштаваў асноўных супернікаў і прадстаўнікоў бізнэсу, апазыцыйная дзейнасьць у краіне забаронена.

Адміністрацыя Дональда Трампа называе ўрад Артэгі дыктатурай і ўвяла санкцыі супраць больш чым 2350 нікарагуанскіх чыноўнікаў і іхных сваякоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галасаваньне ў ААН: Беларусь у коле адыёзных рэжымаў