Сьледчы камітэт заявіў пра першыя крымінальныя справы за допісы ў Threads і TikTok

Ілюстрацыйнае фота

Спасылкі карыстальнікаў на свабоду слова і правы чалавека СК адкінуў і заявіў, што ёсьць першыя затрыманыя.

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі ў сваім Тэлеграм-канале, ужо ёсьць факты прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за публікацыі паводле артыкулаў «распальваньне сацыяльнай варожасьці і звады», «заведама ілжывыя паведамленьні аб небясьпецы».

«Час прафіляктычных гутарак у сеціве афіцыйна мінуў. СК загадзя папярэдзіў аб усіх наступствах, так што спасылкі на „няведаньне“ больш не прымаюцца. Кожны фэйк ці дэструктыў атрымае жорсткую і няўхільную праўную ацэнку. Мы месяц таму патлумачылі ўсю адказнасьць. Далей — „не крыўдуйце“. Кожнаму факту будзе дадзена праўная ацэнка», — папярэдзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

У СК заявілі, што кантроль быў заўсёды, але карыстальнікі Threads і TikTok нібыта палічылі, што там ніякія праўныя нормы не працуюць. Спасылкі карыстальнікаў на свабоду слова і правы чалавека СК адкінуў:

«Адпаведна, неабходна было нагадаць, што нейкая адказнасьць прысутнічае. Інфармацыю імкнуліся перавярнуць, імкнуліся гуляць на свабодзе слова, правах чалавека, але ўсе забыліся, што права чалавека сканчаецца там, дзе парушацца чужыя правы», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандр Сухадольскі.

Ён прывёў у прыклад інфармацыю пра самагубства студэнта, якая выявілася фальшывай.

«Мы неаднойчы сутыкаліся з заведама хлусьлівай інфармацыяй аб нейкіх здарэньнях. Сацыяльныя сеткі маюць плюс у тым, што часам мы можам атрымаць інфармацыю яшчэ да таго, як да нас паступіла паведамленьне. Але сытуацыя не пацьвердзілася, і людзі сталі выдаляць інфармацыю», — расказаў ён.

Сухадольскі сказаў, што дастаткова было, каб чалавек выдаліў паведамленьне, але ёсьць і факты затрыманьняў.

«Есьць асобныя факты, мы пакуль іх не агучвалі, але ёсьць асобы, якіх затрымлівалі і прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за публікацыі», — заявіў Сухадольскі.

TikTok і Threads вельмі папулярныя ў Беларусі

TikTok — самая папулярная сацыяльная сетка ў Беларусі, а Threads перажывае этап імклівага росту і фармаваньня ўнікальнай супольнасьці. Паводле міжнародных і лякальных дасьледаваньняў (у тым ліку Digital Data Report), абедзьве плятформы займаюць прыкметныя, але розныя нішы на беларускім інфармацыйным рынку.

TikTok ахоплівае вялікую частку інтэрнэт-аўдыторыі краіны, ён папулярны сярод усіх узростаў, але ядро складаюць людзі ад 18 да 34 гадоў. У Беларусі таксама істотна вырасла аўдыторыя Threads.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі ў раёнцы будзе «працаваць» першы журналіст, створаны штучным інтэлектам. Што ён будзе рабіць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне завочна арыштавалі блогера, які ўцёк у Менск і ўдзельнічаў у відэапраектах БелТА