Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне завочна арыштавалі блогера, які ўцёк у Менск і ўдзельнічаў у відэапраектах БелТА

Уладзімір Шарамета-Паньчак у часе ўдзелу ў праекце БелТА
Уладзімір Шарамета-Паньчак у часе ўдзелу ў праекце БелТА

Ураджэнец Львоўскай вобласьці Уладзімір Шарамета-Паньчак стала жыве ў Менску з 1 лістапада 2024 году. Летась у сьнежні праваахоўныя органы Ўкраіны абвясьцілі яго ў міжнародны вышук.

Як стала вядома Свабодзе, суд ухваліў гэтае рашэньне за тое, што ён не зьяўляецца па выкліках да сьледчых.

Цяпер у выпадку яго затрыманьня праваахоўнікі павінны цягам 48 гадзін даставіць у суд для разгляду пытаньня аб захадзе папярэдняга трыманьня пад вартай.

У верасьні 2025 году Ўладзіміру Шарамеце-Паньчаку выставілі падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе (ч.2 артыкул 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны) і апраўданьні ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны (ч. 2 артыкулу 436-2). Але справу завялі 27 ліпеня 2023 году.

Яму пагражае ад 5 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Уладзімір Шарамета-Паньчак удзельнічаў у відэапраектах дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, у якіх ён рабіў антызаходнія і антыўкраінскія выказваньні. Пры гэтым дзяржаўнае агенцтва БелТА называла яго прадпрымальнікам, які больш за 20 гадоў жыў у Лёндане (Вялікая Брытанія).

Згодна зь інфармацыяй украінскіх сьледчых, ён зьехаў з Украіны ў Польшчу ў 2022 годзе, адразу пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны, а потым пераехаў у Менск. Там з красавіка да жніўня 2024 году ён прымаў удзел у запісах для Youtube-каналу БелТА. Яго прадстаўлялі Ўладзімірам Паньчаком. У матэрыялах справы месьцяцца стэнаграмы гэтых запісаў.

У лютым 2025 году выданьне «Наша ніва» паведамляла аб зьнікненьні Ўладзіміра Шараметы-Паньчака. Пісалі, што яго нібыта затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распальваньне варожасьці) або за незаконнае выкарыстаньне дронаў.

Цяпер Уладзімір Шарамета-Паньчак сфакусаваны на вядзеньні сваіх сацыяльных сетак на розных плятформах — у Tik-Tok, Instagram і Telegram. Зь ягонага Telegram-каналу вынікае, што ён знаходзіцца ў Менску і на волі. Сацыяльныя сеткі ён вядзе пераважна па-ўкраінску.

У ліпені 2024 году ўкраінскі цэнтар «Міратворац» уключыў яго ў сваю базу за «замах на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, усьвядомленыя дзеяньні па дыскрэдытацыі і дэмаралізацыі сілавых структур, перашкаджаньне законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл, за дзеяньні, накіраваныя на падрыў абароназдольнасьці, зрыў мабілізацыі, а таксама на дэстабілізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця ва Ўкраіне».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG