Хто забіў Паўла Шарамета? Расказваем, што пра гэта вядома празь дзесяць гадоў і дзе цяпер асноўныя падазраваныя

20 ліпеня 2026 году спаўняецца 10 гадоў з дня забойства Паўла Шарамета. Гэтае злачынства дасюль не раскрытае

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, крытык Лукашэнкі і Пуціна загінуў ад выбуху ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году. Расьсьледаваньне яго сьмерці не завершанае дагэтуль. Расказваем, якім быў Павал Шарамет і што стала вядома пра яго забойства за гэты час.

20 ліпеня 2016 году ў 7:45 раніцы ў цэнтры Кіева, на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, адбыўся выбух. Бомба была ў аўтамабілі, красовэры цёмна-чырвонага колеру, які толькі-толькі пад’ехаў да скрыжаваньня і спыніўся на сьвятлафоры.

Нешматлікія мінакі хутка падышлі да машыны, з-пад якой валіў чорны дым. Яны спрабавалі дапамагчы кіроўцу, дастаючы яго з салёну. Неўзабаве на месца здарэньня прыбылі паліцыя і мэдыкі. Кіроўцу забралі ў шпіталь, месца выбуху ачапілі. Да шпіталю «хуткая» параненага жывым не давезла, ён памёр у дарозе. З пазьнейшых паведамленьняў украінскіх уладаў вынікала, што пацярпелы ўжо пры выбуху атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём.

Рэшткі аўтамабіля, куды забойцы Паўла Шарамета заклалі выбухоўку

Аўтамабіль, які выбухнуў на кіеўскім скрыжаваньні Хмяльніцкага і Франка, належаў кіраўніцы «Української правди» Алене Прытуле. За яго стырном у той ранак быў беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет.

Сюжэт пра кантрабанду ў «Каменным Лагу»

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Пасьля школы некалькі гадоў вучыўся на гістфаку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пасьля перавёўся на факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, які і скончыў. З 1992 году працаваў на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, дзе спачатку кансультаваў стваральнікаў эканамічных праграмаў, а празь некалькі гадоў сам пачаў весьці адзін з такіх праектаў.

У 1995-м беларускі ПЭН-цэнтар назваў Паўла Шарамета найлепшым тэлевізійным журналістам краіны, у тым жа годзе ён на знак пратэсту супраць афіцыйнай пазыцыі дзяржаўнай тэлевізіі пайшоў у газэтную журналістыку — працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». Але нядоўга: ужо ў 1996-м Шарамет вярнуўся ў тэлежурналістыку, стаўшы кіраўніком беларускага бюро тагачаснага Грамадзкага расейскага тэлебачаньня (ОРТ, цяпер расейскі «Першы канал»).

Прыкладна тады ж пра яго даведалася па-сапраўднаму вялікая колькасьць людзей — у 1997 годзе, рыхтуючы сюжэт пра кантрабанду на мяжы зь Літвой, Павал Шарамет разам з сваім апэратарам Зьмітром Завадзкім дэманстратыўна, на камэру, у пункце пропуску «Каменны Лог» перайшлі мяжу, паказаўшы такім чынам яе дзіравасьць.

Павал Шарамет і Зьміцер Завадзкі на судовым працэсе ў сваёй справе ў Ашмянах, сьнежань 1997 году

Рэакцыяй уладаў Беларусі былі арышт, суд і два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год. За кратамі Шарамет тады правёў агулам тры месяцы, выклікаўшы паміж Расеяй і Беларусьсю дыпляматычны скандал такога ўзроўню, які цяпер цяжка ўявіць. Тагачасны расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын публічна патрабаваў ад Лукашэнкі выпусьціць Шарамета, а калі гэтага не адбылося, проста не пусьціў самалёт кіраўніка Беларусі ў паветраную прастору Расеі.

Расея, Украіна, «Беларускі партызан»

Пасьля гісторыі з арыштам у «Каменным Лагу» і вызваленьнем Шарамет пераехаў у Расею, дзе працаваў на розных пасадах у многіх СМІ да 2014 году, калі публічна асудзіў акупацыю Крыму Расеяй і яе ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данбасу.

«Лічу анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны крывавай авантурай і фатальнай памылкай расейскае палітыкі», — заявіў тады Павал Шарамет.

Пасьля 2014 году і да самай сьмерці Павал Шарамет у асноўным жыў і працаваў ва Ўкраіне. Пры гэтым заставаўся жорсткім крытыкам палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў 2000 годзе выйшаў яго фільм «Дзікае паляваньне», прысьвечаны зьнікненьнем у Беларусі палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. Адным са зьніклых на той момант ужо быў яго былы апэратар Зьміцер Завадзкі, які прапаў бязь вестак 7 ліпеня 2000 году, калі прыехаў у менскі аэрапорт сустракаць акурат Шарамета.

Скрыншот галоўнай старонкі „Беларускага партызана“, 22 ліпеня 2016 году

У 2005 годзе пачаў працаваць інфармацыйна-аналітычны сайт «Беларускі партызан», адным з стваральнікаў і кіраўнікоў таксама быў Павал Шарамет. «Беларускі партызан», жорстка крытыкуючы палітыку афіцыйнага Менску, хутка стаў адным з самых папулярных інфармацыйных рэсурсаў краіны.

«Зь вясны 1995 году, пачынаючы зь першага рэфэрэндуму, Лукашэнка ператварыўся ў таго, кім ён ёсьць зараз, — гаварыў Шарамет у інтэрвію, дадзеным у сярэдзіне нулявых. — Для гэтага чалавека ўлада — гэта найвышэйшая каштоўнасьць, у імя якой ён гатовы зьнішчыць усё і нават ахвяраваць людзьмі, набліжанымі да яго. Ён будзе трымацца за сваю ўладу да апошняга».

У сакавіку 2010 году Паўла Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства. Афіцыйнай прычынай гэтага назвалі наяўнасьць у журналіста расейскага пашпарта.

«Гэта нагадвае мне практыку пазбаўленьня дысыдэнтаў савецкага грамадзянства ў 1970-х гадах, — камэнтаваў ён тады гэтую гісторыю. Будзем чакаць, пакуль зьменіцца ўлада і яны вернуць мне мой беларускі пашпарт, як вярталі грамадзянства савецкім дысыдэнтам».

Забойства Паўла Шарамета выклікала вялікі розгалас ва Ўкраіне, дзе ён пасьпеў стаць вельмі вядомым. За дзень да пахаваньня ў Менску ў Кіеве прайшла асобная цырымонія разьвітаньня

Справамі «Беларускага партызана» Павал Шарамет займаўся да самай сваёй сьмерці ў ліпені 2016 году. За некалькі тыдняў да забойства Шарамет прыяжджаў у Менск, дзе спрабаваў знайсьці новага галоўнага рэдактара свайго праекту, сустракаўся зь некалькімі кандыдатамі. На сустрэчах ён расказваў, што хоча разьвіцьця праекту, хоць сам даўно не жыве ў Беларусі, знайшоў фінансаваньне і хацеў бы зрабіць «Беларускі партызан» яшчэ вастрэйшым рэсурсам.

Першыя абвінавачаныя

Крымінальная справа аб забойстве Паўла Шарамета была распачатая адразу ж, 20 ліпеня 2016 году. Яе завялі паводле артыкулу «Забойства, учыненае небясьпечным для шматлікіх асобаў спосабам». У першыя дні пасьля сьмерці Шарамета ў інтэрнэце зьявіліся відэазапісы зь меркаваным мінаваньнем аўтамабіля яго грамадзянскай жонкі Алены Прытулы. На іх было бачна, што ў арганізацыі забойства журналіста ўдзельнічалі як мінімум дзьве асобы — мужчына і жанчына. Сярод асноўных прычын забойства ўкраінскія сілавікі называлі прафэсійную дзейнасьць Шарамета, разглядалі таксама вэрсію з арганізацыяй замаху на Алену Прытулу, у якім Шарамет стаў толькі выпадковай ахвярай.

Мэмарыял на месцы забойства Паўла Шарамета адкрылі ў ліпені 2020 году

Затрымаць падазраваных па гарачых сьлядах не ўдалося. У верасьні 2017 году сьледзтва засакрэцілі і доўгі час пра яго хаду і вынікі нічога не было вядома. Урэшце ў канцы 2019 затрымалі падазраваных — музыку і ўдзельніка баявых дзеяньняў Андрэя Антоненку, вайсковых мэдыкаў Юлію Кузьменку і Яну Дугар. Як паведамлялася, усе яны мелі досьвед удзелу ў баявых дзеяньнях. Паводле вэрсіі сьледзтва, у арганізацыі забойства Паўла Шарамета маглі прымаць удзел і некалькі іншых асобаў.

Андрэй Антоненка ў судзе, сьнежань 2019

Усе абвінавачаныя катэгарычна адмаўляюць свой удзел у забойстве журналіста з самага моманту арышту. Паводле асноўнай вэрсіі сьледзтва, яны маглі забіць Паўла Шарамета «з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне», маючы ўльтраправыя погляды і жадаючы такім чынам дамагчыся зьмены ўлады. Судовы працэс у гэтай справе ня раз прыпыняўся і зацягваўся. У выніку да 2022 году ўсе фігуранты аказаліся на свабодзе, а ў 2024 судовы працэс афіцыйна прыпынілі.

Зараз Андрэй Антоненка і Яна Дугар служаць ва Ўзброеных сілах Украіны і выконваюць задачы на фронце. Юлія Кузьменка працуе ў тыле як лекар-пэдыятар.

Раскрыць забойства Паўла Шарамета абяцалі і Пятро Парашэнка, які быў прэзыдэнтам Украіны ў 2016 годзе, і Ўладзімір Зяленскі, які стаў прэзыдэнтам пасьля яго

Паралельна з афіцыйным расьсьледаваньнем ва Ўкраіне ішло і журналісцкае. Яго аўтары ў 2017 годзе выпусьцілі фільм, зь якога вынікала, што разам зь меркаванымі ўдзельнікамі забойства Паўла Шарамета за ім у той жа час і нават у ноч закладаньня выбухоўкі сачыў былы афіцэр Службы бясьпекі Ўкраіны Ігар Усьціменка, які бачыў сам момант мінаваньня аўтамабіля. Усьціменку выклікалі на судовае паседжаньне, аднак афіцыйных абвінавачаньняў яму не выстаўлялі.

Мітынгі ў гадавіны забойства Паўла Шарамета рэгулярна праходзілі ва Ўкраіне да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў 2022 годзе. Іх удзельнікі ня раз крытыкавалі вынікі афіцыйнага расьсьледаваньня

Запісы з кабінэту старшыні КДБ Беларусі Зайцава

У студзені 2021 году ў справе зьявіўся выразны беларускі сьлед. Тады бэльгійскае выданьне EUObserver апублікавала ўласнае расьсьледаваньне, у якім гаварылася пра запісы размоваў зь меркаваным удзелам былога кіраўніка КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава, на якіх ён нібыта выказваўся аб магчымасьці забіць Паўла Шарамета з дапамогай выбухоўкі і абмяркоўваў гэта зь яшчэ двума высокапастаўленымі афіцэрамі беларускага КДБ.

Стужку з 25-хвілінным запісам журналісты перадалі ўкраінскім спэцслужбам. Тады ж стала вядома, што крыніцай запісу зьяўляецца былы спэцназавец Ігар Макар, які зьехаў зь Беларусі пасьля 2006 году, а пасьля падзеяў 2020 году спрабаваў далучыцца да шэрагаў беларускай апазыцыі. Сам Макар публічна не тлумачыў, адкуль мае зроблены, як мяркуецца, у 2012 годзе запіс. Выданьне EUObserver адзначала, што яго сапраўднасьць пацьвердзіць не ўдалося. Разам з тым аўтары расьсьледаваньня змаглі паразмаўляць з чалавекам, які ведаў Зайцава асабіста, і той пацьвердзіў падабенства голасу на запісе да голасу былога кіраўніка КДБ Беларусі.

Кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў. Лукашэнка зьняў Зайцава з пасады ўвосень 2012 году, неўзабаве пасьля таго, як запіс з размовай аб забойстве Паўла Шарамета мог трапіць да амэрыканскіх дыпляматаў

«Прэзыдэнт чакае гэтых дакладных мерапрыемстваў, і даручана Камітэту займацца гэтымі справамі, — гаворыць на запісе чалавек з голасам, падобным да голасу Вадзіма Зайцава. — І зразумелыя мэтады, якімі мы павінны будзем, — дзе каго ўтапіць, дзе каго расстраляць, — гэта зразумела. А як справакаваць натуральны падрыў, як справакаваць натуральны пажар, забойства, і ўсе астатнія рэчы?».

Акрамя забойства Паўла Шарамета, ўдзельнікі размовы таксама абмяркоўвалі былога кіраўніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, былога палкоўніка спэцназу Ўладзімера Барадача і былога супрацоўніка антыкарупцыйнага аддзелу МУС Вячаслава Дудкіна. Усе яны, акрамя Шарамета, на момант забойства апошняга жылі ў Нямеччыне.

Зайцаў кіраваў КДБ Беларусі з 2008 па той самы 2012 год, калі меркавана быў зроблены запіс, Лукашэнка звольніў яго ўвосень. Як расказваў Ігар Макар бэльгійскім журналістам, запіс размовы ён перадаваў амэрыканскім дыпляматам акурат у 2012 годзе. Ці было звальненьне Зайцава простым супадзеньнем у часе, невядома.

Пасьля звальненьня з спэцслужбаў Вадзім Зайцаў пэўны час кіраваў фэдэрацыяй біятлёну, а пасьля пайшоў працаваць у камэрцыйную структуру, узначаліў тэлекамунікацыйны правайдэр «Космас ТБ». Магчыма, ён займае гэтую пасаду і зараз. Ні ўлады Беларусі, ні сам Зайцаў ніколі не камэнтавалі сваю датычнасьць да забойства Паўла Шарамета.

Пахаваньне на радзіме

Разьвітаньне з Паўлам Шараметам адбылося ў Менску ў храме Ўсіх сьвятых 23 ліпеня 2016 году. Яго цела даставілі на радзіму з Кіева самалётам, пахавалі журналіста ў той жа дзень на менскіх Паўночных могілках. На разьвітаньне прыйшлі каля тысячы чалавек, з Украіны і Расеі прыехалі сябры і калегі Шарамета.

Пахаваньне Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Менску

«Я ніколі не магла запярэчыць ягонаму выбару (прафэсіі. — РС). Як я магла гэта зрабіць? — расказвала ў размове з Свабодай маці Паўла Шарамета Людміла. — Гэта ягоны выбар, яму гэтая праца падабалася. Гэта ягонае жыцьцё. Не. Ніколі не пярэчыла. Сама я заўсёды зь вялікай павагай стаўлюся да журналістаў. Гэта вельмі складаная прафэсія. А цяпер гэта яшчэ і небясьпечная, сьмяротна небясьпечная прафэсія. Я толькі ніяк не магу зразумець — чаму грамадзтва пагадзілася з тым, што адбываецца ў журналістыцы? Гэта ж наш рупар, гэта нашыя вочы, гэта, нарэшце, адстойваньне нашых правоў. Не магу зразумець, чаму такое стаўленьне. Але я не магу сказаць, што такое стаўленьне простых людзей. Гэта стаўленьне кіраўніцтва краіны, не зацікаўленага, каб журналісты паказвалі, што яны робяць, чым займаюцца».

Маці Паўла Шарамета Людміла на адкрыцьці помніка на магіле сына. Ліпень 2018 году