ВУП Беларусі за першае паўгодзьдзе вырас на 1,5%, паведаміў Белстат. За мінулы год ВУП Беларусі вырас на 1,3%. Паводле прагнозаў ураду Беларусі, прырост ВУП сёлета павінен скласьці 2,8%.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць прырост да 1,2%. Блізкі да ўраду Расеі Эўразійскі банк разьвіцьця таксама прагназуе рост ВУП Беларусі за год у памеры 1,3%, але пры ўмове росту рэальных заробкаў, разьвіцьця ІТ-сэктару, стымуляваньня інвэстыцыяў і павелічэньня патоку турыстаў.
Чаму гэта важна
Такі прырост найважнейшага паказьніку разьвіцьця эканомікі можна прызнаць недастатковым, бо ўрад і Лукашэнка прагназуюць прырост за год удвая большы, на ўзроўні 2,8%. Прычына нізкага паказьніку — спад у апрацоўчай прамысловасьці, які склаў за паўгода мінус 2,1%.
Дасягненьнем прырост ВУП на 1,3% у выніку году цяжка назваць, бо Аляксандар Лукашэнка быў зацьвердзіў яго прырост на 2026 год на ўзроўні 2,8%.
Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе прырост больш як удвая ніжэйшы ад заплянаванага. Аналітыкі МВФ чакаюць сёлета прыросту ВУП Беларусі на 1,2%.
Рост ВУП гарантуе насельніцтву працоўныя месцы, павелічэньне заробкаў, сацыяльных выдаткаў дзяржавы, то бок выкананьне абяцаньняў «падвышэньня дабрабыту» і «росту даходаў», якія дае ўрад кожны год, фармуючы асноўныя прагнозныя паказьнікі.
У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, падзеньне прадукцыйнасьці працы, інвэстыцыяў і гуртовага таваразвароту.
Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы — найперш малога і сярэдняга бізнэсу.