Сілы бесьпілётных сыстэмаў Украіны заявілі, што падбілі яшчэ 12 расейскіх караблёў у Чорным моры

Расейскі карабель, падбіты ў Азоўскім моры. Ліпень 2026 году

Пашыраецца ваеннае супрацьстаяньне Расеі з Украінай на Азоўскім і Чорным морах.

17 ліпеня вайскавод Сілаў бесьпілётных сыстэм Узброеных сілаў Украіны Робэрт Броўдзі («Мадзяр») паведаміў у сваім тэлеграм-канале пра пашкоджаньне дзевяці сухагрузаў, аднаго танкера, аднаго газавоза і аднаго буксіра ў Чорным моры.

Усяго з 6 па 17 ліпеня, паводле Броўдзі, падбіта 159 караблёў расейскага «ценевага флёту»: 117 адзінак у Азоўскім моры і 42 — у Чорным.

Броўдзі заявіў, што мэта ўкраінскіх вайскоўцаў — ператварыць кожны карабель у «баржу, якая дрэйфуе ў моры, сьляпую і глухую» і не нанесьці шкоды мору, таму, як ён напісаў, яны ня робяць «ніякіх дзірак» у караблях.

У ноч на 17 ліпеня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па чыгунцы ў акупаванай Керчы і атакавалі расейскія вадаплавы ў Чорным моры, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.

У Керчы, паводле тэлеграм-каналу «Крымский ветер», пасьля атакі бесьпілётніка гараць склады, а таксама, як мяркуецца, Керчанская нафтабаза і цягнікі на каляінах. Керчанская электрападстанцыя знаходзіцца побач з чыгуначнай станцыяй. Акрамя таго, вядома пра пажар у раёне падстанцыі «Кактэбель».

Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра 243 зьбітыя ўкраінскія бесьпілётнікі над 11 вобласьцямі Расейскай Фэдэрацыі, акупаваным Крымам і акваторыямі Азоўскага і Чорнага мораў.

Расейскае вайсковае ведамства традыцыйна не паведамляе, колькі бесьпілётнікаў яму не ўдалося зьбіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ні газу, ні сьвятла, ні сувязі, ні турыстаў: як праходзіць лягістычная блякада Крыму

Чаму гэта важна

Апошнімі днямі Ўкраіна атакуе расейскія танкеры каля акупаванага Расеяй Крыму. У Кіеве заявілі, што ўсяго за дзевяць дзён было пашкоджана 116 расейскіх вадаплаваў. Агенцтва Reuters пісала, што праз гэтыя ўдары Расея перакрыла морскія артэрыі, якія вядуць у Азоўскае мора: навігацыю праз Донска-Азоўскі канал, які злучае раку Дон з Азоўскім морам, часова прыпынілі, як і прыём заявак на праход цераз Керчанскую пратоку, якая злучае Азоўскае і Чорнае мора.

Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт.

«Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.

Расейскія атакі на парты ў Чорным моры

Тым часам расейскія войскі атакуюць украінскую партовую інфраструктуру, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода. 15 ліпеня расейцы атакавалі партовую інфраструктуру ў Мікалаеўскай вобласьці.

14 ліпеня расейскія войскі чарговы раз атакавалі партовую інфраструктуру ў Адэскай вобласьці. Паводле зьвестак мясцовых уладаў, падчас нападу расейскі бесьпілётнік уразіў цывільны карабель пад сьцягам Маршалавых астравоў, пашкодзіўшы яго надбудову. Загінулі два чалавекі.

Як паведаміла Адміністрацыя морскіх партоў Украіны, расейскія войскі атакуюць партовую інфраструктуру Вялікай Адэсы і цывільную навігацыю — днём і ноччу расейскія войскі наносяць удары балістычнымі ракетамі і бесьпілётнікамі, мэтанакіравана атакуючы парты, цывільныя вадаплавы і людзей, якія забясьпечваюць працу морскай галіны.

  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
  • Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Адэсе, загінулі два чалавекі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.