Зьявіўся беларускі архіўны рэсурс ArchiveByNet для захаваньня онлайн-праектаў

Пасьля ператрусу ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН у Менску, архіўнае фота

Сэрвіс прапаноўвае беларускім культурніцкім, мэдыйным і дасьледчым ініцыятывам зрабіць дадатковую копію важных матэрыялаў, каб ня страціць іх праз розныя абставіны.

Сэрвіс рэзэрвовага капіяваньня для беларускіх мэдыйных, культурных і дасьледчыцкіх праектаў Backup.archivebynet.org зьявіўся пры падтрыманьні Беларускай Рады культуры і Клюбу беларускіх мэцэнатаў.

На сэрвісе на доўгатэрміновай аснове можна захоўваць: архівы сайтаў, базы зьвестак, PDF, дакумэнты, сканы, аўдыё, відэа, фотаархівы, падкасты, запісы падзеяў і іншыя файлы.

У стандартнай канфігурацыі даюць каля 100 GB на праект. Калі неабходна больш або трэба наладзіць рэгулярныя бэкапы, такія запыты прапануюць абмеркаваць асобна.

Стваральнікі рэсурсу папярэджваюць, што гэта не публічны архіў; не замена archive.org; не плятформа для захоўваньня пэрсанальных або вельмі сэнсытыўных зьвестак. Гэта дадатковы архіў для беларускай лічбавай спадчыны.

Чаму гэта важна

Сэрвіс можа быць карысны для мэдыя, культурніцкіх ініцыятываў, дасьледчых базаў і архіваў, замарожаных рэсурсаў, якія ўжо не абнаўляюцца, але застаюцца важнымі, незалежных ініцыятываў.

Мэта ініцыятывы — дапамагчы захаваць важныя беларускія лічбавыя архівы, каб яны ня зьніклі праз сканчэньне аплаты дамэну або гостынгу, страту доступу, брак тэхнічных спэцыялістаў, пераезд і палітычныя рэпрэсіі.

За апошні час шмат сайтаў і архіваў былі страчаныя, а ўсяго адна дадатковая копія дае магчымасьць аднавіць рэсурс, перакананыя стваральнікі ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы завялі крымінальную справу па факце хакерскай атакі на інтэрнэт-бібліятэку kamunikat.org

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Грамадзянская кібэрвайна. Як беларускія спэцслужбы атакуюць беларускія ініцыятывы, колькі гэта каштуе і ці магчыма абараніцца ад атак

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«70 тысяч файлаў». Сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org аднавіў працу