Пра гэта Свабодзе паведаміў заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк, які 11 траўня меў гутарку з супрацоўнікамі бюро.
«Напісаў заяву. Мне задавалі вельмі дакладныя пытаньні. І па выніку ў мяне ўражаньне такое, што супрацоўнікі бюро паставіліся вельмі сурʼёзна да сытуацыі», — сказаў Іванюк.
Ён апавёў паліцыянтам пра тое, што 3 сакавіка сайт у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», што папярэдняя спроба ўзлому была летась у сьнежні. А таксама перадаў логі адрасоў, зь якіх ішла атака.
«Мне сказалі, што, магчыма, даведаюцца, адкуль атака была праведзена», — сказаў Іванюк.
Паводле яго, крымінальную справу могуць перадаць у Агенцтва ўнутранай бясьпекі.
«Сказалі, што зважаючы на дзеяньні рэжыму Лукашэнкі супраць мяне і kamunikat.org, магчыма, што справа будзе перададзеная да гэтай польскай спэцслужбы», — паведаміў Яраслаў Іванюк.
Паводле яго, праца па аднаўленьні матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі працягваецца.
Чым важны Kamunikat.org для беларускай культуры
У выніку хакерскага была нападу парушаная праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.
Паводле Яраслава Іванюка, Kamunikat.org ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў супраць беларускай культуры і мовы быў ня толькі бібліятэкай, але і інструмэнтам аховы культурнай спадчыны, а таксама плятформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасьці.
На сэрвэрах захоўваецца больш за 70 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацыяў — кнігі, газэты, часопісы, аўдыёкнігі, відэа- і аўдыёматэрыялы пра Беларусь.
«Летась прызналі наш сайт месцам, дзе трымаюцца „экстрэмісцкія матэрыялы“, пазьней увогуле прызналі нас „экстрэмісцкім фармаваньнем“, менская пракуратура вырашыла, што зьмест кнігі Дароты Міхалюк пра БНР, якую мы выдалі, „нясе пагрозу інтарэсам Рэспублікі Беларусь“. Таму тое, што здарылася гэтай ноччу, — гэта працяг», — заявіў Свабодзе Іванюк.
- Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org, якая была заснаваная і папаўняецца ў Беластоку, летась споўнілася 25 гадоў.
- Яе наведнікі — пераважна беларусы.
- Акрамя інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», Яраслаў Іванюк пазьней стварыў аднайменнае выдавецтва.
Форум