Зяленскі даручыў кіраўніку СБУ Хмару выконваць абавязкі міністра абароны Ўкраіны

Яўген Хмара, архіўнае фота

16 ліпеня ў Кіеве і іншых гарадах Украіны прайшлі пратэсты супраць рашэньня прэзыдэнта Ўкраіны звольніць Міхаіла Фёдарава з пасады міністра абароны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапануе народным дэпутатам прызначыць выканаўцу абавязкаў кіраўніка Службы бясьпекі Яўгена Хмару міністрам абароны, пра што ён паведаміў 16 ліпеня пасьля размовы з Хмарам.

Паводле Зяленскага, размова тычылася доўгатэрміновых апэрацыяў супраць Расеі і забесьпячэньня сродкамі падразьдзелаў бясьпекі і Сілаў абароны.

«Важна, што ёсьць стратэгічнае бачаньне, як Украіне актыўна дзейнічаць і надалей для абароны нашай незалежнасьці і прымусу Расеі да дыпляматыі. Яўген Хмара здабыў вялікі, шмат у чым беспрэцэдэнтны досьвед правядзеньня тэхналягічных ударных апэрацыяў. Менавіта на гэтым павінна засяроджвацца наша абарона ў гэтай вайне», — сказаў ён.

Як піша Ўкраінская служба Радыё Свабода, Зяленскі зьвярнуў увагу на перавагі Хмары на пасадзе міністра абароны, такія як вынікі далёкіх удараў, «моцная праца ў галіне бясьпекі», якая мае гарантаваць кантроль над унутранай сытуацыяй у Сілах абароны, і досьвед кіраваньня людзьмі ў Цэнтры спэцыяльных апэрацыяў «Альфа» СБУ.

«Я даручыў Яўгену Хмару выконваць абавязкі міністра, працягнуць рэформу сфэры абароны і забясьпечыць Украіне ўсе тыя вынікі, пра якія мы казалі. Пасьля выкананьня неабходных юрыдычных працэдураў я зьвярнуся да парлямэнтароў з просьбай падтрымаць Яўгена Хмару на пасаду міністра абароны Украіны», — сказаў прэзыдэнт Зяленскі.

З раніцы 16 ліпеня ў Кіеве і многіх іншых гарадах Украіны прайшлі пратэсты супраць рашэньня прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага звольніць Міхаіла Фёдарава з пасады міністра абароны.

Пратэсты супраць адстаўкі міністра абароны Ўкраіны Міхаіла Фёдарава, Кіеў, 16 ліпеня 2026

Паводле інфармацыі «Української правди», на сустрэчы з фракцыяй «Слуга народу» прэзыдэнт Зяленскі растлумачыў, што больш ня можа трываць канфлікту паміж міністрам абароны і галоўнакамандуючым Аляксандрам Сырскім. Хоць у чэрвені і Сырскі, і Фёдараў публічна адмаўлялі канфлікт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне звольнілі папулярнага міністра абароны Фёдарава, што выклікала пратэсты. З чым гэта зьвязана