У першым паўгодзьдзьдзі працягваўся спад у апрацоўчай прамысловасьці Беларусі

Прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно». Ілюстрацыйнае фота

У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі аб скарачэньні прамысловай вытворчасьці ў студзені–чэрвені 2026 году.

Па выніках 6 месяцаў 2026 году падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці Беларусі склала 2,1%, паведамляе Белстат.

У прамысловасьці агулам — падзеньне на 0,7%. Апрацоўчая прамысловасьць у Беларусі складае 88% ад агульнага аб’ёму прамысловасьці.

Такім чынам працягваецца тэндэнцыя мінулага году, калі падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці склала 2,5%.

Найбольш заўважная гэтая тэндэнцыя ў Менску і Магілёўскай, Горадзенскай вобласьцях.

Прычыны яе — скарачэньне беларускага экспарту, зьніжэньне попыту на адзіным рынку, які аказаўся для беларускіх тавараў рэальна даступным — расейскім. Беларускія ўлады пры гэтым публічна не абмяркоўваюць прычыны працяглага спаду ў апрацоўчай прамысловасьці. У канцы 2025 году Міністэрства эканомікі так падвяло вынікі працы:

«Пры некаторым запаволеньні тэмпаў прамысловай вытворчасьці (98,2 працэнта) назіраецца пазытыўная дынаміка ў асобных галінах — электроніцы, фармацэўтыцы, харчовай прамысловасьці і дрэваапрацоўцы».

Што гэта значыць

Падзеньне вытворчасьці ў прамысловасьці азначае зьніжэньне тэмпаў эканамічнага разьвіцьця, а зь ім — скарачэньне інвэстыцый, заробкаў, бюджэтных выдаткаў.

Спад прамысловай вытворчасьці — адна з галоўных прыкметаў эканамічнага спаду. Прамысловасьць ёсьць рухавіком эканомікі: яна фармуе валавы ўнутраны прадукт, забясьпечвае тэхналягічны прагрэс і стварае вэктар руху для сумежных галін — транспарту, лягістыкі, сыравіннага сэктару і будаўніцтва.

Скарачэньне прамысловай вытворчасьці можа суправаджацца скарачэньнем працоўных месцаў, даходаў і інвэстыцыйнай актыўнасьці. Апроч таго, зьніжэньне ўнутранай вытворчасьці пагражае дэфіцытам прадукцыі і ростам залежнасьці ад імпарту, а гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да большай інфляцыі.

Паводле экспэртаў, спад вытворчасьці можа перарасьці ў рэцэсію або сыстэмны крызіс.

Зь іншага боку, у Беларусі спад вытворчасьці ў пачатку году адбываецца штогод . Далей дынаміка вытворчасьці залежыць ад макраэканамічных фактараў і сытуацыі на замежных рынках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Настальгія па СССР як эканамічная стратэгія: Лукашэнка рэанімуе савецкую мадэль сельскай гаспадаркі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За 6 месяцаў 2026 году эфэктыўнасьць беларускай эканомікі зьнізілася, вырасла запазычанасьць — Белстат