Беларусь заўсёды прыцягвала ўвагу ЗША і Эўропы, але гэта «выяўлялася па-рознаму», заявіла 15 ліпеня беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы на панэльнай дыскусіі «Кантынэнтальны дрэйф: Эўропа ў пераходны пэрыяд» на Аспэнскім форуме бясьпекі (Aspen Security Forum) у штаце Каларада (ЗША), піша Позірк.
Паводле Ціханоўскай, для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «Амэрыка была звычайна злым паліцыянтам, а Эўропа — добрым».
«Амэрыка заўсёды выступала за санкцыі для рэжыму пасьля чарговай хвалі рэпрэсіяў, Эўропа спрабавала фліртаваць з Лукашэнкам», — сказала палітык.
Цяпер жа, паводле яе, «ролі памяняліся»:
«Пасьля прыходу да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа, яго дыпляматычных намаганьняў у вызваленьні беларускіх палітвязьняў, Амэрыка пачала аслабляць санкцыі. Пазыцыя ж Эўропы ў гэтым нязьменная, санкцыі застаюцца, і мы вітаем такі падыход».
Дыктатары разумеюць толькі мову сілы, яны хочуць падмануць Эўропу, ЗША, але мы просім апошніх не паддавацца на гэта чарговым разам, — падкрэсьліла Ціханоўская.
«Вядома, — дадала яна, — у нашым рэгіёне шмат увагі сканцэнтравана на Ўкраіне, і мы цалкам падзяляем такі падыход, бо ад лёсу Ўкраіны залежыць лёс Беларусі, Малдовы, Грузіі і многіх іншых краін. Дапамагаючы Ўкраіне, вы дапамагаеце нам».
Эўропа за папярэднія гады зрабіла «нашмат больш, чым ад яе чакалася, але нашмат менш, чым магла», падкрэсьліла Ціханоўская.
«Мы ўдзячныя, што Эўропа стала такой моцнай, прынцыповай, і ўважаем, што дзякуючы гэтай прынцыповасьці мы зможам дамагчыся таксама перамогі ў Беларусі», — сказала Ціханоўская.
Яна заклікала Эўропу не разглядаць Беларусь як «прыдатак Расеі», а распрацаваць асобную стратэгію ў дачыненьні да краіны.
У прыватнасьці, палітык заклікала ўспрымаць Беларусь ня толькі «з гуманітарнага гледзішча» ў кантэксьце няспынных рэпрэсіяў і росту колькасьці палітвязьняў, але і «з гледзішча бясьпекі».
«Лукашэнка гатовы даваць нашу тэрыторыю і інфраструктуру для нападу на Ўкраіну і магчымага нападу на NATO: будуецца новая інфраструктура, якой у прынцыпе не павінна быць, калі краіна не рыхтуецца да эскаляцыі», — адзначыла Ціханоўская.
«І калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагрозы з тэрыторыі Беларусі будуць пастаяннымі», — дадала яна.
Дэмакратычная Беларусь, паводле Ціханоўскай, адпавядае інтарэсам «ня толькі беларусаў або ўкраінцаў, але таксама і краін Эўропы».
«І мы паступова адкрываем Беларусь Эўропе, нашым саюзьнікам, і бачым, што ўспрыманьне Беларусі зьмянілася», — падкрэсьліла яна.
Адказваючы на пытаньне вядоўцы дыскусіі, Ціханоўская выказала думку, што «няма нейкага аднаго інструмэнту, які можа паўплываць на паводзіны рэжыму ў Беларусі, але найважнейшым інструмэнтам ёсьць санкцыі».
«Санкцыі — гэта не панацэя, якая разьвязвае ўсе праблемы. Гэта інструмэнт для таго, каб пазбавіць рэжым рэсурсаў, якія ён можа ўкласьці ў рэпрэсіі або, напрыклад, у расейскую ваенную машыну», — прывяла яна прыклад.
Ціханоўская адзначыла, што «ў санкцыйным рэжыме для Беларусі і Расеі было шмат шчылін, якія абодва рэжымы лёгка абыходзілі», аднак «паступова яны былі закрытыя, санкцыі на абедзьве краіны былі гарманізаваныя, і цяпер жыцьцё дыктатараў значна ўскладнілася».
Яна зьвярнула ўвагу, што Лукашэнка «пераарыентаваў многія беларускія прадпрыемствы на вытворчасьць прадукцыі для расейскай ваеннай машыны».
«І рэжым у Беларусі дагэтуль мае магчымасьць вырабляць вайсковае абсталяваньне, тавары двайнога прызначэньня для Расеі, і мы стараемся прыцягнуць увагу да гэтага нашых амэрыканскіх і эўрапейскіх партнэраў, каб яны ўводзілі новыя санкцыі», — падкрэсьліла Ціханоўская.
«У выпадку Беларусі мы разумеем, што амэрыканскія санкцыі былі нядаўна аслабленыя ўзамен на вызваленьне палітвязьняў, але мы просім Эўропу заставацца моцнай», — заклікала яна і зазначыла, што эўрапейскія санкцыі больш адчувальныя для рэжыму за амэрыканскія.
Дыпляматычныя захады ЗША і моцная й прынцыповая пазыцыя Эўропы абавязкова дазволяць Беларусі пазбыцца дыктатуры, — заявіла палітык.
Чым адметны Аспэнскі форум бясьпекі
Аспэнскі форум бясьпекі — штогадовая міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі, якую праводзіць Інстытут Аспэна (Aspen Institute) у ЗША.
На форуме прадстаўнікі дзяржаўных структураў, дыпляматычных колаў, узброеных сілаў, выведных ведамстваў, міжнародных арганізацыяў, бізнэсу і экспэртнай супольнасьці абмяркоўваюць ключавыя выклікі для ўсясьветнай бясьпекі.
Сярод асноўных тэмаў — геапалітычнае суперніцтва, войны і канфлікты, NATO, адносіны ЗША з хаўрусьнікамі, кібэрпагрозы і будучыня міжнароднага парадку.
Форум уважаецца за адну з важных пляцовак для абмену поглядамі паміж прадстаўнікамі ўладаў і экспэртамі. Выступы ўдзельнікаў часта адлюстроўваюць актуальныя падыходы заходняй палітычнай супольнасьці да пытаньняў бясьпекі.
Акрамя Ціханоўскай, у дыскусіі прынялі ўдзел генэральная сакратарка Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў Бэлен Мартынэс Карбанэль, міністар абароны й вонкавага гандлю Бэльгіі Тэа Франкен і міністар юстыцыі й бясьпекі Нідэрляндаў Давід ван Вээл.
Чаму дэмакратычным сілам патрэбная дапамога ЗША і Эўразьвязу
Беларускім дэмакратычным сілам патрэбная дапамога ЗША і Эўразьвязу для сыстэмнага супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, абароны правоў грамадзян і захаваньня курсу на дэмакратычныя рэформы і незалежнасьць Беларусі.
Унутры краіны легальная апазыцыйная дзейнасьць цалкам зьнішчаная, таму замежная падтрымка ёсьць умоваю выжываньня руху.
Дэмакратычныя сілы, незалежныя беларускія мэдыя, праваабарончыя цэнтры, моладзевыя арганізацыі й культурніцкія ініцыятывы маюць ад Эўразьвязу і ЗША фінансавую падтрымку.
ЗША і ЭЗ таксама маюць вагары ўплыву для перамоваў аб вызваленьні сотняў палітвязьняў, іх рэабілітацыі і падтрымкі іхных сем’яў.
Дэмакратычныя сілы пастаянна лябіююць у ЭЗ спрашчэньне выдачы гуманітарных візаў і дазволаў на жыхарства.
Санкцыі ЭЗ і ЗША абмяжоўваюць фінансавыя магчымасьці рэжыму і яго здольнасьць дапамагаць Расеі ў вайне.
Пакуль Вашынгтон і Брусэль лічаць дэмакратычныя сілы легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу, рэжым Лукашэнкі застаецца ў міжнароднай ізаляцыі.