Працоўныя мігранты з Узбэкістану папрасілі вярнуць іх зь Беларусі дамоў, бо заробкі іх не задаволілі

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым. Менск, 9 ліпеня 2026

Прыяжджаць у Беларусь зь семʼямі прапанаваў працоўным мігрантам з Узбэкістану Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 9 ліпеня ў Менску з прэзыдэнтам гэтай краіны Шаўкатам Мірзіёевым. 255 чалавек ужо прыехалі, і ўмовы некаторым не спадабаліся.

9 ліпеня падчас візыту ў Беларусь прэзыдэнтаЎ збэкістана Шаўката Мірзіёева Менск і Ташкент падпісалі міжурадавае пагадненьне аб арганізаваным наборы і працаўладкаваньні грамадзян Узбэкістана для часовай працы ў Беларусі.

На гэтым тыдні ў Беларусь прыбыла дэлегацыя з Андыжанскай вобласьці на чале з яе кіраўніком (хакімам) Шухратбекам Абдурахманавым.

Тым часам у Беларусь прыбыла першая група з 255 жыхароў гэтай вобласьці, якія выказалі жаданьне працаваць у Беларусі.

«Гэтым грамадзянам будзе прадастаўленая высокааплатная праца ў Беларусі, з годнымі ўмовамі працы і сацыяльнымі гарантыямі. Гэта ня толькі дапаможа нашым суайчыньнікам атрымліваць стабільны даход, але і забясьпечыць занятасьць, палепшыць дабрабыт сем’яў, выведзе ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж Узбэкістанам і Беларусьсю на новы ўзровень», — паведаміў тэлеграм-канал Абдурахманава.

Але 15 ліпеня ў сацыяльных сетках апублікавалі відэазварот ад узбэкаў з крытыкай умоваў у Беларусі.

На запісе, зробленым ужо ў Беларусі, група мужчын зьвяртаецца да Абдурахманава і скардзіцца на ўмовы, якія ім прапанавалі тут. Паводле аўтараў звароту, працадаўца прапануе заробак у пяцьсот даляраў за месяц і не гатовы плаціць больш.

«Сказаў: „Калі больш — я не змагу заплаціць“. Мы сказалі: „Не, мы ня будзем працаваць за пяцьсот даляраў“. Пры гэтым мы павінны самастойна аплачваць харчаваньне і пражываньне. Пасьля ўсіх абавязковых выдаткаў — на ежу, сродкі гігіены і іншыя паўсядзённыя патрэбы — у нас застанецца каля двухсот даляраў. Працаваць у Беларусі за такія грошы няма сэнсу, бо ва Ўзбэкістане можна зарабіць больш. Калі ўмовы ня зьменяцца, лепш вярнуць людзей дадому, ва Ўзбэкістан».

Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што на такія ўмовы не пагадзіўся ніхто.

Афіцыйны камэнтароў звароту на гэты час няма.

Чаму гэта важна

Беларусь сутыкаецца з вострым дэфіцытам кадраў. Банк вакансій налічвае дзясяткі тысяч прапаноў, асабліва ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне.

Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і міграцыяй беларусаў за межы краіны, як працоўнай, гэтак і палітычнай. Сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі ўцячы ад перасьледу паводле палітычных прычын.

У выніку Лукашэнка прапаноўвае займаць працоўныя месцы мігрантам з азіяцкіх краін.

Міграцыйная дамова з Пакістанам

11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў такія пэрспэктывы.

Мэмарандум падпісалі 27 жніўня 2025 году. Ён прадугледжвае, што чальцы сямей працоўных мігрантаў будуць мець права на ўезд і знаходжаньне ў Беларусі на тэрмін дзеяньня спэцыяльнага дазволу і дазволу на працу, што атрымаў іхны сваяк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці заменяць узбэкі беларусаў? Карбалевіч пра новы міграцыйны экспэрымэнт Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прапанаваў працоўным мігрантам з Узбэкістану прыяжджаць зь сем’ямі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Пакістане агенцыя працы шукае дарожных рабочых на кантракт у БеларусьПрацоўныя мігранты будуць здаваць тэст на веданьне адной зь дзяржаўных моваў Беларусі на свой выбарПакістан гатовы накіраваць у Беларусь некалькі тысяч работнікаў «пасьля дбайнай праверкі»Працоўныя мігранты з Пакістану будуць падпісваць абавязацельства ня ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі«Беларусы працуюць больш за эўрапейцаў». Чаму Лукашэнка зноў гаворыць аб працоўных мігрантах?