Украінскія вайскоўцы працягваюць атакаваць расейскія танкеры, яны паразілі за мінулую ноч 20 караблёў. Пра гэта піша ўкраінскае выданьне hromadske. Аднак на гэты раз атакі адбыліся не ў Азоўскім моры, як раней, а ў Чорным. Пра гэта паведаміў камандзір бесьпілётных сыстэмаў Узброеных сілаў Украіны Робэрт Броўдзі (Мадзяр). Паводле яго, агулам былі падбітыя 17 нафтавых танкераў, 2 газавыя танкеры і 1 буксір. Ён паабяцаў пазьней даць відэапацьверджаньне.
Незалежна пацьвердзіць гэтую інфармацыю няма як. У Расеі заяву Броўдзі пакуль не камэнтавалі .
Мадзяр таксама пракамэнтаваў заяву расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, які напярэдадні назваў украінскія атакі расейскіх танкераў у Азоўскім моры «чыстым тэрарызмам, горшым за пірацтва».
«Ніякага пірацтва, лаўроў, — джаст бізнэс. Ваш, крывавы. У фокусе Свабодалюбнага ўкраінскага птаха. У бездань морскую», — напісаў Броўдзі.
Чаму гэта важна
Апошнімі днямі Ўкраіна атакуе расейскія танкеры каля акупаванага Расеяй Крыму. У Кіеве заявілі, што ўсяго за дзевяць дзён было пашкоджана 116 расейскіх вадаплаваў. Агенцтва Reuters пісала, што праз гэтыя ўдары Расея перакрыла морскія артэрыі, якія вядуць у Азоўскае мора: навігацыю праз Донска-Азоўскі канал, які злучае раку Дон з Азоўскім морам, часова прыпынілі, як і прыём заявак на праход цераз Керчанскую пратоку, якая злучае Азоўскае і Чорнае мора.
Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт.
«Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ні газу, ні сьвятла, ні сувязі, ні турыстаў: як праходзіць лягістычная блякада КрымуРасейскія атакі на парты ў Чорным моры
Тым часам расейскія войскі атакуюць украінскую партовую інфраструктуру, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода. 15 ліпеня расейцы атакавалі партовую інфраструктуру ў Мікалаеўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім. Паводле яго, у выніку нападу паранены 61-гадовы мужчына, ён шпіталізаваны, яго стан цяжкі.
14 ліпеня расейскія войскі чарговы раз атакавалі партовую інфраструктуру ў Адэскай вобласьці. Паводле зьвестак мясцовых уладаў, падчас нападу расейскі бесьпілётнік уразіў цывільны карабель пад сьцягам Маршалавых астравоў, пашкодзіўшы яго надбудову. Загінулі два чалавекі.
Як паведаміла 14 ліпеня Адміністрацыя морскіх партоў Украіны, ужо пяты дзень запар расейскія войскі атакуюць партовую інфраструктуру Вялікай Адэсы і цывільную навігацыю — днём і ноччу расейскія войскі наносяць удары балістычнымі ракетамі і бесьпілётнікамі, мэтанакіравана атакуючы парты, цывільныя вадаплавы і людзей, якія забясьпечваюць працу морскай галіны.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі называюць гэтыя ўдары ваеннымі злачынствамі і заяўляюць пра іх мэтанакіраваны характар. Расея гэтыя абвінавачаньні адмаўляе і сьцьвярджае, што не наносіць наўмысных удараў па цывільных аб’ектах.