Пасьля некалькіх адмоваў беларусам у міжнароднай абароне Латушка перадаў уладам Польшчы інфармацыю аб працягу рэпрэсіяў у Беларусі

Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка. Архіўнае фота

Латушка перадаў польскаму боку інфармацыю АПК аб дзеяньнях рэжыму ў Менску, зьвязаных з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны.

Інфармацыю аб працягу рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама аб трансьмежных злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларусаў, якія жывуць у Польшчы, перадаў кіраўніку бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі польскага прэзыдэнта Марціну Пшыдачу намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка.

Прэс-служба АПК паведаміла, што ў сустрэчы таксама прыняў удзел дырэктар віленскага офісу Сьвятланы Ціханоўскай і яе дарадца ў дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі.

Латушка і Кучынскі «падкрэсьлілі важнасьць працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, бо ён не мяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай палітыкі, а таксама працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны».

Латушка таксама «перадаў польскаму боку інфармацыю аб дзеяньнях рэжыму, зьвязаных з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны».

Паведамляюць таксама, што «польскаму боку было прэзэнтавана бачаньне правядзеньня нацыянальнага дыялёгу ў Беларусі з выкарыстаньнем мэханізму круглага стала». Як паказаў «досьвед гістарычных падзеў 1989 году ў Польшчы», гэты інструмэнт «дапамог польскаму народу перайсьці ад дыктатуры да сучаснай эўрапейскай дэмакратыі».

Латушка і Кучынскі таксама «адзначылі важнасьць таго, што ў Польшчы захоўваецца адзіны падыход прэзыдэнта краіны і ўраду да падтрымкі дэмакратычных сілаў і будучых дэмакратычных перамен у Беларусі». Яны «перадалі словы падзякі» ў адрас польскага прэзыдэнта Караля Наўроцкага «за падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».

Адмовы беларусам у міжнароднай абароне ў Польшчы

9 ліпеня прэс-служба АПК паведаміла, што Латушка абмеркаваў на сустрэчы з кіраўніком Управы ў справах іншаземцаў Польшчы Томашам Цытрыновічам выпадкі адмовы надаць міжнародную абарону беларусам, якія знаходзяцца ў Польшчы, з спасылкай на заканчэньне тэрмінаў даўнасьці прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у пратэстах.

Тады на сустрэчы «было адзначана, што ў беларускіх рэаліях заканчэньне тэрмінаў даўніны не азначае спыненьня крымінальнага перасьледу, бо так званыя праваахоўныя органы перакваліфікоўваюць крымінальныя справы на цяжэйшыя артыкулы, якія прадугледжваюць больш працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі».

Управе ў справах іншаземцаў, як і канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, былі перададзеныя даклады аб рэпрэсіях у Беларусі, а Латушка зьвярнуўся да Цытрыновіча з просьбай улічваць працяглы палітычна матываваны перасьлед нязгодных у суседняй краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перагружанасьць ваяводаў. Як беларусы ў Польшчы гадамі чакаюць легалізацыі

Што адзначана ў дакладзе АПК аб рыхтаваньні Лукашэнкі да вайны

З 2022 году Беларусь праводзіць сыстэмную трансфармацыю вайсковай сфэры, якая ўключае зьмены заканадаўства. У тым ліку на так званым рэфэрэндуме была зьмененая Канстытуцыя, у выніку чаго Беларусь перастала быць нэўтральнай і бязьядзернай краінай, гаворыцца ў перададзеным уладам Украіны і Польшчы дакладзе АПК.

Новая ваенная дактрына, прынятая ў 2024 годзе, афіцыйна дазваляе наносіць прэвэнтыўныя ўдары пры «беспасярэдняй пагрозе» (так можа быць інтэрпрэтаваная нават канцэнтрацыя войскаў каля межаў або іншыя пагрозы нацыянальнай бясьпецы) і адпраўляць беларускую армію за мяжу, пішуць аўтары справаздачы.

Паводле АПК, расьце колькасьць вайскоўцаў, пастаянна праходзяць іх вучэньні.

«Колькасьць кантрактнікаў з 2022 году вырасла ў 1,5 раза, мабілізацыйныя рэзэрвы ацэньваюцца ў 289 тысяч чалавек. На ўкраінскім кірунку ствараецца Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне (агульная колькасьць войскаў можа вырасьці больш за 80 тысяч), ствараецца таксама „народнае апалчэньне“».

Колькасьць «народнага апалчэньня», як лічаць аўтары справаздачы, можа дасягаць 150 000 чалавек, і яно ёсьць ключавым элемэнтам стратэгіі татальнай вайны.

«Гэтыя сілы рыхтуюцца да выкананьня задачаў тэрытарыяльнай абароны і ўнутранага кантролю, уключна з здушэньнем магчымых мяцяжоў. Міністэрства абароны паралельна ўзмацняе спэцыяльныя падразьдзелы ўнутраных войскаў, што сьведчыць аб плянах фармаваньня ўнутранага „другога фронту“ ў выпадку дэстабілізацыі», — гаворыцца ў дакладзе АПК.

Паводле аналітычнага дакладу АПК, беларуская эканоміка пераведзеная на ваенныя рэйкі і інтэграваная з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Таксама праводзяцца сумесныя вайсковыя вучэньні, ідзе мілітарызацыя навучальнага працэсу ў ВНУ і школах, ідэалягічная апрацоўка насельніцтва. Працягваюцца рэпрэсіі з мэтай выяўленьня і ізаляцыі нязгодных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латушка перадаў у Кіеў аналітычны даклад аб тым, як Беларусь сыстэмна рыхтуецца да вайны