Ва Ўкраіне ў адстаўку сыходзіць прэм’ерка Сьвірыдзенка. Каго называюць пераемнікам?

Сяргей Карэцкі, архіўнае фота

Бізнэсоўца Сяргея Карэцкага называюць галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэмʼер-міністра Ўкраіны на пятым годзе вайны.

У Вярхоўную Раду Ўкраіны паступіла заява ад прэм’ер-міністаркі Юліі Свірыдзенкі аб звальненьні. На сваёй пасадзе яна не пратрымалася і году.

Цяпер самым рэальным прэтэндэнтам на пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны называюць Сяргея Карэцкага, які ўзначальвае назіральную раду дзяржаўнай кампаніі «Нафтагаз Украіны» і працуе генэральным дырэктарам кампаніі «Нафтагаз», піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Менавіта зь ім як першым з кандыдатаў на пасаду прэм’ера правёў сустрэчу прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі. Сяргей Карэцкі, цяперашні старшыня праўленьня «Нафтагазу Ўкраіны» і былы кіраўнік «Укрнафты», працаваў топ-мэнэджарам у розных галінах бізнэсу, а перад вайной пачаў разьвіваць уласную кававую кампанію, на дзяржаўных пасадах не працаваў ніколі.

Але менавіта Сяргей Карэцкі далучыўся да ўкраінскай дэлегацыі на саміце NATO ў Анкары і ўдзельнічаў у сустрэчах з эўрапейскімі лідэрамі і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. А на сустрэчы з прэзыдэнткай Эўрапейскай камісіі Урзуляй фон дэр Ляен Карэцкі абмяркоўваў далейшую падтрымку ўкраінскага энэргетычнага сэктару.

«Новая фігура» ва ўрадзе Зяленскага

Палітоляг Уладзімір Фясенка згодны з тым, што Сяргей Карэцкі — прэтэндэнт нумар адзін на пасаду прэмʼер-міністра Ўкраіны. На яго думку, менавіта гэтым прызначэньнем прэзыдэнт Зяленскі можа прадэманстраваць фундамэнтальнае абнаўленьне ўрадавай каманды.

«Патрэбна новая фігура. Фігура з пазытыўнай рэпутацыяй як на Захадзе, так і ўнутры Ўкраіны, якая ня мае ніякага нэгатыўнага шлейфу. І ў гэтым сэнсе, вядома, Карэцкі, які мае рэпутацыю добрага кіраўніка і пры гэтым ня мае асаблівых палітычных амбіцыяў і палітычных сувязяў з рознымі палітычнымі ці алігархічнымі групамі, ёсьць аптымальным кандыдатам», — кажа Фясенка.

Пры гэтым экспэрт уважае, што Карэцкі ня будзе проста выканаўцам, як Сьвірыдзенка, яго пазыцыя можа быць больш збалянсаванай, але ён ня будзе прэтэндаваць на ролю «цэнтру ўлады».

«Ён стане прэмʼер-міністрам, але ён будзе прэмʼер-міністрам без сваёй каманды. Гэта будзе ўрад Зяленскага, як і цяпер. Стыль ураду абавязкова зьменіцца, можа быць менш папулісцкіх рашэньняў. Больш увагі будзе надавацца эканамічным і тэхналягічным пытаньням. Гэта будзе ўрад на чале з антыкрызісным мэнэджарам», — падсумаваў Фясенка.

Хто такі Сяргей Карэцкі

Сяргею Карэцкаму 48 гадоў, паходзіць з Луцку, ягоны бацька працаваў інжынэрам на мясцовым заводзе, а маці — у гандлі.

Адукацыю Сяргей Карэцкі атрымаў у тэхнічнай і эканамічнай галінах. У 2001 годзе скончыў Луцкі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Аўтамабілі і аўтамабільная прамысловасьць», а ў 2005 годзе — у спэцыяльнасьці «Эканоміка прадпрыемства».

Ён таксама атрымаў дыплём спэцыяліста нафтагазавай прамысловасьці ў Івана-Франкоўскім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце нафты і газу у спэцыяльнасьці «Здабыча нафты і газу». У 2019 годзе скончыў праграму Executive MBA ў Кіева-Магілянскай бізнэс-школе — праграму мэнэджмэнту для бізнэс-лідэраў і ўласьнікаў кампаніяў, сканцэнтраваную на стратэгічным кіраваньні, лідэрстве і разьвіцьці кампаніяў.

Сяргей Карэцкі і колішні прэм'ер Украіны Дзяніс Шмыгаль

Сяргей Карэцкі стаў старшынём праўленьня «Нафтагазу Ўкраіны» 28 красавіка 2025 году, назіральная рада абрала яго ў выніку адкрытага конкурсу сярод 62 кандыдатаў. Ён кіраваў кампаніяй у складаны пэрыяд пасьля зімы 2025 году, калі Ўкраіна выйшла з ацяпляльнага сэзону з рэкордна нізкімі запасамі газу. Урад паставіў перад Карэцкім задачу падрыхтавацца да наступнага ацяпляльнага сэзону, назапасіць газу і аднавіць інфраструктуру пасьля расейскіх абстрэлаў.

Пад кіраўніцтвам Карэцкага стратная «Укрнафта» ператварылася ў адну з самых прыбытковых кампаніяў у краіне.

За сваю карʼеру Карэцкі даваў мала інтэрвію, але ў адным зь іх сказаў, што вайна прымусіла яго зьмяніць свой уласны бізнэс на дзяржаўную дзейнасьць. Да поўнамаштабнага ўварваньня ён быў уладальнікам кававай кампаніі поўнага цыклю Idealist Coffee Co.

«Калі дзяржава кажа, што трэба быць карысным тут і цяпер, то гэта адзіна правільнае рашэньне ў такі момант», — сказаў Карэцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Bloomberg: з-за ўкраінскіх удараў нафтаперапрацоўка ў Расеі ўпала да мінімуму з 2005 году