Праз адлічэньні 1,2% ад падаткаў грамадзян Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча сёлета сабраў найбольш грошай сярод беларускіх грамадзкіх ініцыятываў — 19 312 эўра. На другім месцы сума, якую сабрала выданьне «Наша ніва», — 19 023 эўра.
У Вільні Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча вядомы таксама пад назвай Беларускі дом. Установа працуе ў доме пад адрасам вул. Віленская (Vilniaus g.), 20 з 2021 году і за гэты час стала асяродкам прыцягненьня як для беларусаў, якія ўжо раней жылі ў сталіцы Літвы, так і тых, хто пераехаў сюды пасьля падзеяў 2020 году.
Дырэктарка музэю Людвіка Кардзіс у інтэрвію Свабодзе з задавальненем адзначыла, што ахвяраваньняў пабольшала ў параўнаньні зь мінулым годам.
«Летась мы атрымалі 11 467 эўра, нам гэтак дапамаглі 142 чалавекі», — прыгадала Людвіка Кардзіс.
«Хачу шчыра сказаць, што гэтая падтрымка для нас як ніколі важная. Сёлета вырасла арэндная плата за наша памяшканьне, таму мы вельмі-вельмі ўдзячныя кожнаму, хто ахвяраваў на гэта грошы. Наша арганізацыя сабрала найбольш грошай сярод грамадзкіх ініцыятываў, але рэч ня толькі ў агульнай суме, але і ў колькасьці данатараў. Сёлета нам пералічылі свае грошы 236 чалавек, што таксама найбольш сярод тых, хто атрымаў фінансавую дапамогу празь пералічэньне часткі падаткаў. Гэта нам вялікі стымул, бо сьведчыць пра давер да нас і пра разуменьне важнасьці нашай працы», — сказала Свабодзе Людвіка Кардзіс.
Людвіка Кардзіс, архіўнае фота
Летась Беларускаму музэю імя Івана Луцкевіча была падвышаная арэндная плата. Паводле дырэктара, цяпер штомесяц музэй мусіць плаціць толькі за арэнду 834 эўра.
«Гэта без уліку камунальных платаў. І гэта толькі 50% ад прызначанай арэнды, бо нам далі зьніжку на 2 гады. Але агулам зь мінулых гадоў арэнда вырасла ў 6,5 раза, знаходзіць грошы складана. Калі казаць пра фінансавае становішча, то выжываем, раскошы няма, мы ня можам канкураваць у заробках зь літоўскімі музэйнікамі, але людзі самааддана працуюць, за што ўсім вялікі дзякуй. А яшчэ ў нас самаахвярна працуюць валянтэры, мы бязь іх не змаглі б праводзіць тыя імпрэзы, якія гэтак палюбіліся беларусам. Таму ўсім вялікі-вялікі дзякуй і за грашовыя пералічэньні, і за валянтэрскую дапамогу», — сказала Людвіка Кардзіс.
Сярод беларускіх ініцыятываў, на якія ахвяравалі падаткаплатнікі ў Літве, таксама культурны цэнтар «Крок», віленскі клюб «Спадчына», Беларуская асацыяцыя бацькоў, Беларускі нацыянальны моладзевая рада, беларуская суполка «Крыніца» з Клайпэды ды іншыя арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча застанецца ў ранейшым будынкуПаводле літоўскіх законаў, сумай у 1,2% ад падаходнага падатку падатковы рэзыдэнт Літвы можа распарадзіцца самастойна, накіраваўшы гэтыя грошы на мэдыя, грамадзкія ці палітычныя арганізацыі.
Робіцца гэта пры падачы гадавой падатковай дэклярацыі.