Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча застанецца ў ранейшым будынку

Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні. Архіўнае фота
Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні. Архіўнае фота

У гэтым жа будынку на вуліцы Віленскай, 20 знаходзіцца і Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры.

Віленская ўстанова «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» выйграла публічны тэндэр на арэнду будынку пад адрасам вуліца Віленская 20-1С — памяшканьня, дзе Беларускі дом (адна зь вядомых назваў будынку) знаходзіцца ўжо 5 гадоў.

Гэта Свабодзе пацьвердзіла кіраўніца ўстановы Людвіка Кардзіс. Паводле яе, папярэдня дамова аб арэндзе будынку заканчваецца 25 сакавіка 2026 году, а новая будзе заключацца на 10 гадоў. З праекту дамовы, якую Беларускі музэй імя І. Луцкевіча атрымаў ад гарадзкога самакіраваньня, арэнда памяшканьня павялічыцца з 121 эўра да 1669 эўра за год.

«За пяць гадоў арэнды будынак ператварыўся ў сапраўдны цэнтар беларускай супольнасьці ійкультуры ў Літве», — кажа Людвіка Кардзіс.

Яна назвала асноўныя дасягненьня супрацоўнікаў музэю, яго валянтэраў і данатараў: праведзены капітальны рамонт, акрамя музэю, пачала дзейнічаць адзіная ў Літве публічная беларуская бібліятэка, працуюць тыднёвая беларуская дзіцячая школка і моўныя курсы, рэгулярна праводзяцца мастацкія імпрэзы і сустрэчы.

«Цяпер рыхтуемся да сьвята беларускай паэзіі й Дня роднай мовы, які адзначым 21 лютага», — расказала пра найбліжэйшыя пляны Людвіка Кардзіс.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG