Сьцісла
- У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Таму і адносіны паміж краінамі разьвіваліся слаба.
- Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага прэзыдэнта Узбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя. Таму пачалося актыўнае супрацоўніцтва.
- Узбэкістан сёньня — адзін з трох найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі ў СНД, пасьля Расеі і Казахстану.
- Паказальна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала нейкіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан мае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі ЭЗ.
Сантымэнт да постсавецкіх краін
Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў 8-9 ліпеня наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Падзея не зусім шараговая. Ня так часта ў Менск прыяжджаюць лідэры замежных дзяржаў. Значна часьцеў тут бачым расейскіх губэрнатараў як паважаных гасьцей.
У кіроўнай эліты Беларусі, у самога Аляксандра Лукашэнкі існуе пэўны сантымэнт да краін на прасторы былога Савецкага Саюзу і іх лідэраў. Афіцыйны Менск увесь час пасьля распаду СССР прэтэндуе на статус ініцыятара і важнага рухавіка постсавецкай інтэграцыі.
У ідэалягічным пляне рэжым Лукашэнкі — самы прасавецкі. Уладар Беларусі зь вялікай ахвотай езьдзіць на ўсе саміты інтэграцыйных аб’яднаньняў, якія існуюць на постсавецкай прасторы (СНД, АДКБ, ЭАЭС), імкнецца супрацьпаставіць іх Захаду. Ён увесь час выступае з ідэямі аднаўленьня эканамічных сувязяў, якія існавалі 40 гадоў таму ў рамках адзінай савецкай дзяржавы.
Дачыненьні паміж лідэрамі
Беларуска-ўзбэцкія адносіны зьяўляюцца добрай ілюстрацыяй таго пастуляту, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых узаемаадносін іх лідэраў. У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава (памёр у 2016 годзе) было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Раздражненьне адзін адным вылівалася ў публічныя звады, спрэчкі, узаемныя ўколы.
Сам Лукашэнка апавядаў журналістам, што адбылося на прыёме, які даваў тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у Маскве: «Узьнімаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі ня лаю».
У 1996 годзе Карымаў, раздражнёны імкненьнем беларускага лідэра быць галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы, проста адчытаў маладога калегу:
«Калі слухаеш прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, ствараецца ўражаньне, што калі рэспублікі былога СССР неадкладна ня зоймуцца інтэграцыяй і не аб’яднаюцца, то ўсе яны зьнікнуць — у іх няма ніякіх пэрспэктыў, ніякіх шанцаў на выжываньне, усіх іх чакае крызіс.
Растлумачыць празьмерную актыўнасьць некаторых палітыкаў, прыхільнікаў неадкладнай інтэграцыі, можна, па-першае, імкненьнем пастаянна быць на ўвазе, паказаць сябе дбайнікам інтарэсаў ня толькі свайго народу, але і іншых, калісьці былых у складзе СССР рэспублік. Па-другое, гэта тлумачыцца жаданьнем адцягнуць увагу сваіх суграмадзян і грамадзкасьці ад найважнейшых унутраных праблем».
Крыўды і папрокі
Але і Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. У кастрычніку 2007 году, выступаючы перад расейскімі журналістамі, ён ня надта далікатна прайшоўся па тагачасным узбэцкім лідэры:
«Памятаеце няшчасьце, якое абрынулася на Ўзбэкістан? Ён цесна супрацоўнічаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Як павялі сябе амэрыканцы ў адносінах да Ўзбэкістану? Яны гатовыя былі, як з Аўганістанам, пачаць вайну. Куды прыйшоў Карымаў? У СНД, да Расеі. Зьвярнуўся ў СНД: дапамажыце, абараніце. І ў ЭўрАзЭС, і ў АДКБ уступіў адразу ж. Зразумеў, дзе яго шчасьце».
У кастрычніку 2011 году Лукашэнка заявіў, што «трайная гульня, якую сёньня вядзе Ўзбэкістан, не дазваляе яму знаходзіцца ў АДКБ». А ў 2015 годзе на саміце СНД у Маскве прэзыдэнты Беларусі і Ўзбэкістану публічна паспрачаліся, хто з народаў унёс большы ўклад у перамогу над нацысцкай Нямеччынай.
Таму ня дзіўна, што Лукашэнка пры мінулым узбэцкім прэзыдэнце зрабіў толькі адзін візыт у гэтую краіну — у сьнежні 1994 году. Карымаў прыяжджаў у Менск толькі на саміты інтэграцыйных абʼяднаньняў. Узбэкістан быў адзінай постсавецкай дзяржавай, якая доўгі час ня мела ў Менску сваёй амбасады. Яна была адкрытая толькі ў чэрвені 2018 года, праз два гады пасьля сьмерці ранейшага прэзыдэнта Ўзбэкістану.
Падчас візыту Лукашэнкі ва Ўзбэкістан у 2024 годзе ён не ўтрымаўся, каб не папракнуць былога ўзбэцкага лідэра:
«Мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тымі пераўтварэньнямі, якія праходзяць ва Ўзбэкістане. Адзінае, што вам трэба, — гэта час. Упушчана ў свой час было нямала. Вам даводзіцца, як вы правільна сказалі, даганяць, даганяць і даганяць, а гэта заўсёды няпроста».
Пасьпяховае разьвіцьцё адносін
Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і цяперашняга прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добра. Таму пачалося актыўнае супрацоўніцтва.
Лукашэнка наведваў Узбэкістан з афіцыйным візытам у 2018 і 2024 гадах, з працоўнымі — у 2016-м (двойчы) і 2022-м. У 2014 і 2019 гадах адбыліся афіцыйныя візыты ўзбэцкага прэзыдэнта ў Беларусь.
Эканамічныя адносіны Беларусі і Ўзбэкістану дынамічна разьвіваюцца. Гэта ня так часта адбываецца ў дачыненьнях беларускай дзяржавы зь іншымі краінамі. Звычайна паездкі Лукашэнкі ў іншыя краіны, як і візыты замежных лідэраў у Менск мала ўплываюць на разьвіцьцё двухбаковых адносін. У гэтым пляне беларуска-ўзбэцкія стасункі — выключэньне.
За апошнія дзесяць гадоў (як раз за час кіраваньня Мірзіёева) аб’ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў. Узбэкістан сёньня — адзін з трох найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі ў СНД, пасьля Расеі і Казахстану.
Прычым, кожны год назіраецца рост гандлёвага абароту. Напрыклад, у 2023 годзе ён склаў $654,7 млн, у 2024 годзе — $774 млн, у 2025 годзе — $965 млн. А за першы квартал 2026 году гандаль павялічыўся ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году, склаўшы $259,7 млн. Гэта паводле зьвестак узбэцкага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка прапанаваў працоўным мігрантам з Узбэкістану прыяжджаць зь сем’яміСтатыстыка беларускага боку крыху больш сьціплая: па выніках 2025 году зьнешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбэкістана перавысіў $855 млн. Выказваецца спадзеў на тое, што беларуска-ўзбэцкі таваразварот па выніках 2026 году дасягне 1 мільярду даляраў. Гэта цалкам рэальна.
Акрамя звычайнага гандлю, вялікую ролю адыгрывае вытворчая каапэрацыя: ва Ўзбэкістане працуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускіх трактароў, грузавікоў, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі.
Лукашэнка запрасіў узбэцкіх грамадзян семʼямі прыяжджаць у Беларусь на працу:
«У нас узбэкаў любяць, таму перш чым пакістанцы, хачу, каб вашы людзі да нас прыяжджалі сем’ямі. [...] Нам людзі патрэбныя, і пажадана з Узбэкістану. Вельмі добрыя людзі».
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на канец 2025 году ў Беларусі працавала 3600 узбэцкіх грамадзян. У беларускіх ВНУ навучаецца больш за 5 тысяч узбэцкіх студэнтаў, а некалькі гадоў таму іх было ўсяго толькі некалькі дзясяткаў.
Таксама паказальна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала нейкіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан не зьяўляецца чальцом Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы і мае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі Эўразьвязу.