Дэклярацыя саміту NATO ў Анкары: на 2026 год хаўрусьнікі абяцаюць выдзеліць Украіне 70 мільярдаў эўра

Удзельнікі саміту NATO ў Анкары

У турэцкай Анкары ўдзельнікі з краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу на зьезьдзе выдалі дэклярацыю. У ёй гавораць пра непахіснасьць прынцыпу «калектыўнай абароны».

Пасьля пасяджэньняў на розных плятформах саміту ўдзельнікі выдалі дакумэнт з шасьці пунктаў. У ім дэкляруюць і працяг дапамогі Ўкраіне.

Пункты дэклярацыі сьцісла:

  1. Напад на аднаго — гэта напад на ўсіх. Наша адзінства, салідарнасьць і калектыўная сіла застаюцца падмуркам міру, бясьпекі і дабрабыту для мільярда грамадзян нашага Альянсу свабодных і дэмакратычных краін. Мы па-ранейшаму адданыя нашаму ўсебаковаму падыходу да стрымліваньня і абароны.
  2. Каб процістаяць доўгатэрміновай пагрозе, якую Расея нясе эўраатлянтычнай бясьпецы і стабільнасьці, а таксама пастаяннай пагрозе тэрарызму, хаўрусьнікі выконваюць абавязаньні ў абароне, дадзеныя ў Гаазе. У 2025 годзе эўрапейскія хаўрусьнікі і Канада павялічылі свае інвэстыцыі ў асноўныя абаронныя патрэбы больш чым на 139 мільярдаў даляраў. Сёньня ў Анкары мы абвяшчаем аб новых закупках на суму больш за 50 мільярдаў даляраў і абавязуемся пашыраць сукупныя вытворчыя магутнасьці і супрацоўнічаць з прамысловасьцю для паскарэньня інавацый.
  3. Эўрапейскія хаўрусьнікі і Канада ў супрацы са Злучанымі Штатамі, бяруць на сябе большую адказнасьць за абарону Альянсу. Стрымліваньне і абарона NATO грунтуюцца на адпаведным спалучэньні ядзерных, канвэнцыйных і супрацьракетных абарончых магчымасьцяў, дапоўненых касьмічнымі і кібэрнэтычнымі рэсурсамі. Мы распрацоўваем узаемадзеяньне трансатлянтычнага воблака для баявых дзеяньняў і ўкараняем магутныя мадэлі штучнага інтэлекту.
  4. Украіна робіць унёсак у трансатлянтычную бясьпеку, і хаўрусьнікі адзіныя ў нашай нязьменнай падтрымцы Ўкраіны ў абароне яе свабоды, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці. На 2026 год хаўрусьнікі абяцаюць выдзеліць Украіне 70 мільярдаў эўра на вайсковае абсталяваньне, дапамогу і падрыхтоўку кадраў і пацьвярджаюць свае сувэрэнныя абавязаньні ў падтрыманьні прынамсі эквівалентнага роўню ў 2027 годзе. З гэтай мэтай мы вітаем рашэньне Эўрапейскага зьвязу аб выдзяленьні Ўкраіне шматгадовага фінансаваньня праз Крэдыт на падтрымку Ўкраіны.
  5. Іран ніколі не павінен мець ядзернай зброі. Хаўрусьнікі заклікаюць Іран паважаць свабоду суднаходзтва ў Армускай пратоцы.
  6. Выказваем нашу ўдзячнасьць за шчодрую гасьціннасьць, аказаную нам Турэччынай.

Што папярэднічала

Новы саміт NATO прайшоў 7-8 ліпеня ў той час, калі Вашынгтон адкрыта рыхтуе эўрапейскіх хаўрусьнікаў да паступовага зруху ў вайсковай пазыцыі ЗША на эўрапейскім кантынэнце, цісьне на чальцоў альянсу з мэтай рэзкага павелічэньня іх выдаткаў на абарону і сыгналізуе, што бясьпека Эўропы павінна ўсё больш станавіцца адказнасьцю Эўропы.

Высокапастаўленыя амэрыканскія чыноўнікі пацьвердзілі напярэдадні саміту, што бягучы агляд Пэнтагону аб’ёму войскаў у Эўропе можа прывесьці да скарачэньня колькасьці амэрыканскіх войскаў, разьмешчаных на кантынэнце.

Адной з галоўных падзей мелася стаць сустрэча і перамовы прэзыдэнтаў Украіны і ЗША. Становішча Ўкраіны ў вайне і процістаяньне расейскай агрэсіі былі абазначаныя як адна з найгалоўнейшых тэмаў сустрэчаў у Анкары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Саміт NATO ў Анкары абмяркоўвае выклікі войнаў ва Ўкраіне, Блізкім Усходзе і большую адказнасьць Эўропы