Такую заяву сьпікер парлямэнту зрабіў пасьля прэзэнтацыі праграмы дзеяньня ўраду новага прэм’ер-міністра Літвы Міндаўгаса Сінкявічуса.
«Я ня бачу ніякіх прыкмет таго, што гэта адбываецца. Ня бачу. Прэзэнтаваная праграма нічога ня кажа пра такія зьмены», — працытавала Юозаса Олекаса агенцтва BNS.
Такім чынам Олекас адказаў на пытаньне журналістаў, ці можа ён паабяцаць, што зьмены ў праграме новага ўраду ня будуць азначаць інакшую пазыцыю Літвы адносна санкцыяў, накладзеных на Беларусь.
«Мы хацелі б, каб у нас былі дэмакратычныя суседзі, зь якімі мы маглі б размаўляць і куды маглі б езьдзіць, бо ў Беларусі знаходзіцца вялікая частка гістарычнай спадчыны Літвы, [...] і эканамічныя сувязі маглі б прынесьці нямала карысьці», — адзначыў ён.
«Калі гэтыя зьмены адбудуцца, тады можна будзе гаварыць і пра зьмены санкцыйнага рэжыму. Але пакуль я нічога такога ня бачу», — дадаў сьпікер літоўскага парлямэнту.
Агенцтва ВNS зьвярнула ўвагу, што ў праграме новага ўраду, адрозна ад аналягічнага дакумэнту папярэдняга кабінэту міністраў, згадваюцца «актыўныя дзеяньні для далейшага захаваньня міжнароднай ізаляцыі» толькі Расеі. Беларусь згадваецца ў іншай частцы дакумэнту, дзе адзначаецца працяг ізаляцыі Беларусі ў тым выпадку, калі яна працягне падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны і будзе чыніць гібрыдныя атакі супраць краін Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва дэнансавала пагадненьне зь Беларусьсю аб малым памежным руху. Менск яго так і не ратыфікаваўЯк адрэагавалі ў адміністрацыі Наўседы на праграму ўраду
У офісе прэзыдэнта Гітанаса Наўседы заявілі, што зьмены ў тэксьце праграмы новага ўраду не азначаюць зьмены палітыкі Літвы датычна менскага рэжыму.
«У Эўрапейскім Зьвязе мы трымаліся і трымаемся ранейшай пазыцыі. Рэжым у Беларусі такі, які ён ёсьць, ён не зьмяніўся, а ад таго, што мы хацелі б зьмяніць тыя ці іншыя словы для яго вызначэньня, сутнасьць ня зьменіцца», — сказаў у этэры радыёстанцыі Žinių radijas дарадца прэзыдэнта ва ўнутранай палітыцы Паўлюс Балтокас.
Паводле яго, пазыцыя Літвы датычна санкцыяў ЭЗ супраць рэжыму ў Беларусі таксама застаецца нязьменнай.
«Санкцыі (на экспарт угнаеньняў. — РС) дзейнічаюць да сярэдзіны лютага наступнага году, і прынамсі на сёньня я ня бачу абсалютна ніякіх нагодаў для таго, каб нешта зьмянілася, і каб мы неяк зьмянілі пазыцыю дзяржавы, спрабуючы размаўляць інакш, чым тое, што гэты санкцыі павінны быць захаваныя», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урад Літвы на чале з Інгай Ругінене пайшоў у адстаўку. Што вядома пра магчымага наступнага прэм’ераЦіханоўская спадзяецца, што новы ўрад працягне прынцыповую палітыку датычна Беларусі
Лідэрка дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская пажадала новаму прэм’еру сфармаваць моцны ўраду і «цьвёрда ім кіраваць».
«Таксама спадзяюся, што новы кабінэт працягне прынцыповую палітыку датычна Беларусі, бо гэта закранае і інтарэсы нацыянальнай бясьпекі Літвы», заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары выданьню LRT.
«Бясьпека Літвы ня можа быць поўнай, пакуль Аляксандар Лукашэнка застаецца пры ўладзе ў Беларусі. [...] Пакуль Беларусь знаходзіцца ў распараджэньні крамлёўскага дыктатара, Літва ня будзе ў бясьпецы, працягнуцца пагрозы, шантаж і правакацыі. Для Лукашэнкі гэта спосаб выжыць, а для Ўладзіміра Пуціна — ціснуць на Эўропу», — сказала яна.
Паводле яе, дэмакратычная, сувэрэнная Беларусь зьяўляецца ня толькі мэтай беларусаў, але і гарантам бясьпекі для Літвы.
«Мы высока цэнім доўгатэрміновую, празрыстую, прынцыповую і заснаваную на каштоўнасьцях пазыцыю Літвы. Але, вядома ж, лябісты Лукашэнкі выпрабоўваюць на трываласьць унутранае адзінства краін Эўразьвязу і Літвы, падымаюць розныя гістарычныя аспэкты і імкнуцца зьнішчыць імідж беларускіх дэмакратычных сілаў. Аднак мы павінны думаць пра доўгатэрміновыя мэты», — адзначыла Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу, міністру замежных справаў Кястуцісу Будрысу, сьпікеру Сейму Юозасу Олекасу, часовай выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Інге Ругінене і народу Літвы за «дакладную пазыцыю датычна рэжыму».
Што папярэднічала
Кадравыя ратацыі ва ўрадзе Літвы адбываюцца ў выніку распаду парлямэнцкай кааліцыі — сацыял-дэмакраты, лідэр якіх Міндаўгас Сінкявічус, скасавалі кааліцыйнае пагадненьне з партыяй «Зара Нёмана».
Новую кааліцыйную дамову падпісалі кіраўнікі трох фракцыяў — Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, Дэмакратычнага зьвязу «Ў імя Літвы» і Літоўскага зьвязу сялян, «зялёных» і хрысьціянскіх сем’яў. Новая кааліцыя мае 75 галасоў у Сейме.
30 чэрвеня Сейм Літвы падтрымаў кандыдатуру Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду прэм’ер-міністра дзяржавы. Ён сфармаваў новы склад ураду і прадставіў праграму яго дзейнасьці.