Кадравыя ратацыі ва ўрадзе Літвы адбываюцца ў выніку распаду парлямэнцкай кааліцыі — сацыял-дэмакраты, лідэр якіх Міндаўгас Сінкявічус, скасавалі кааліцыйнае пагадненьне з партыяй «Зара Нёмана».
Новую кааліцыйную дамову падпісалі кіраўнікі трох фракцыяў — Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, Дэмакратычнага зьвязу «Ў імя Літвы» і Літоўскага зьвязу сялян, «зялёных» і хрысьціянскіх сем’яў. Новая кааліцыя мае 75 галасоў у Сейме.
Якую палітыку адносна Беларусі будзе весьці новы прэм’ер
Новаму прэм’еру Літвы Міндаўгасу Сінкявічусу 42 гады. Ён ужо працаваў ва ўрадзе — у 2016–2017 гадах ачольваў Міністэрства эканомікі Літвы. Пакуль ён займае пасаду мэра Ёнаўскага раёну Літвы ў цэнтры краіны.
Ён ня раз выказваўся аб праблемных пытаньнях у дачыненьнях зь Беларусьсю.
Палітыка санкцыяў і ізаляцыі
16 чэрвеня ў інтэрвію літоўскаму выданьню BNS Міндаўгас Сінкявічус выказаў сумнеў у эфэктыўнасьці санкцыяў і ізаляцыі для зьмены паводзінаў уладаў Беларусі, але пакуль гэтая палітыка не падлягае перагляду.
«Яе варта перагледзець, калі надыдзе час, разам з нашымі стратэгічнымі партнэрамі», — сказаў ён.
Новы кіраўнік ураду мяркуе, што пры ўхваленьні рашэньняў трэба ўлічваць думкі ўсіх хаўрусьнікаў.
«Мы не павінны дзейнічаць спантанна, а працаваць супольна з ЭЗ, улічваць усе аспэкты і слухаць нашых партнэраў за акіянам. Мы таксама чакаем ад іх падтрымкі і стратэгічнага партнэрства», — дадаў Сінкявічус.
Аднак раней ён заклікаў урад і прэзыдэнта Гітанаса Наўседу дамовіцца аб тым, як Літва будзе далей размаўляць зь Беларусьсю. Ён выказваў думку, што дачыненьні могуць стаць «цяплейшымі», калі сустрэчы, няхай і не на найвышэйшым узроўні, будуць арганізоўваць амэрыканцы.
Мяжа і кантрабандныя балёны
Падчас найбольшага крызісу паміж Беларусьсю і Літвой, справакаванага запускамі кантрабандных балёнаў зь беларускага боку, Міндаўгас Сінкявічус выступаў за найхутчэйшае адкрыцьцё мяжы, але казаў, што ключавым пытаньнем мае быць бясьпека.
«А эканамічныя пытаньні — угнаеньні, транзыт і ўсё іншае — гэта ўжо другасны плян. Кампанэнт бясьпекі ключавы, бо санкцыі былі ўведзеныя за ўдзел Менску ў агрэсіі супраць Украіны. Пытаньне ў тым, як гэтыя санкцыі зьмянілі функцыянаваньне Беларусі, як не зьмянілі, трэба іх узмацняць або замяняць дыялёгам», — казаў ён сёлета ў лютым.
Але, паводле яго, палітыку, якую вёў папярэдні ўрад кансэрватараў датычна Менску, трэба пераглядаць.
Што думаюць у літоўскай апазыцыі наконт будучай вонкавай палітыкі новага прэм’ера
Дэпутат парлямэнцкай апазыцыі Жыгімантас Павілёніс з партыі Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы, што была пры ўладзе ў 2020–2024 гадах, занепакоены магчымай вонкавай палітыкай новага ўраду.
Як Павілёніс напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, па сустрэчы яго фракцыі зь Міндаўгасам Сінкявічусам у яго склалася ўражаньне, што новы ўрад, з аднаго боку, можа не прапаноўваць працягваць санкцыі супраць Беларусі пасьля лютага 2027 году, а з другога — не прапаноўваць не працягваць.
«Адказ, які паказвае, што сацыял-дэмакраты ня маюць сваёй палітыкі і, хутчэй за ўсё, могуць надалей знаходзіцца пад уплывам рэжыму Лукашэнкі», — мяркуе дэпутат.
«Карацей кажучы, мне вонкавая палітыка сацыял-дэмакратаў пачынае нагадваць палітыку Януковіча да Эўрамайдану — калі гэты прарасейскі палітык хацеў сядзець на ўсіх крэслах, але ў рэшце рэшт здрадзіў інтарэсам краіны і ўцёк у Маскву. Сацыялістычная „Грузінская мара“ дзейнічае сёньня падобна. Падобным чынам дзейнічаюць усе былыя і цяперашнія аўтакраты Цэнтральнай Эўропы. Калі ў цябе няма ўласнага парадку дня, ты натуральна робісься ахвярай парадку дня сваіх ворагаў», — адзначыў Павілёніс.
Форум