Экспэрты ААН падалі ўраду Беларусі запыт, чаму анулявалі пашпарты былых палітвязьняў

Вызваленыя беларускія палітвязьні. Сьнежань 2025 году

Экспэрты ААН выказалі занепакоенасьць ануляваньнем пашпартоў былых палітвязьняў, якіх улады прымусова вывезьлі зь Беларусі.

Экспэрты ААН 6 ліпеня выказалі сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі з адвольным прызнаньнем несапраўднымі пашпартоў васьмі былых беларускіх палітычных зьняволеных, прымусова выправаджаных зь Беларусі пасьля вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі. Экспэрты лічаць, што гэтыя захады могуць станавіць сабой форму працяглых транснацыянальных рэпрэсіяў.

«Шэраг падзеяў, такіх як палітычна матываванае пазбаўленьне волі, прымусовае выправаджэньне і наступнае ануляваньне пашпартоў, сьведчыць аб эскаляцыі практыкі транснацыянальных рэпрэсіяў», — гаворыцца ў заяве экспэртаў ААН.

«Адвольнае ануляваньне дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, можа сур’ёзна закрануць правы чалавека на свабоду перамяшчэньня, сямейнае жыцьцё, праўны статус, а таксама доступ да працаўладкаваньня, мэдычнага абслугоўваньня, банкаўскіх паслугаў і іншых асноўных правоў», — падкрэсьлілі экспэрты.

Экспэрты ААН запыталі тлумачэньні ад ураду Беларусі і працягваюць сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.

Чаму гэта важна?

Праваабарончы цэнтар «Вясна» нагадаў, як вясной 2026 году ўлады Беларусі анулявалі пашпарты некаторым палітвязьням, якіх пасьля вызваленьня ў верасьні і сьнежні мінулага году дэпартавалі з краіны.

Паводле праваабаронцаў, колькасьць беларусаў, якія па вызваленьні застаюцца без дакумэнтаў, нязьменна павялічваецца, хоць зь іхнымі пашпартамі ўлады абыходзяцца па-рознаму, адзначаюць праваабаронцы. Калі да сярэдзіны 2025 году былых асуджаных дэпартавалі ўвогуле без пашпартоў і даведак аб вызваленьні, то вызваленым у другой палове 2026 году даведкі выдавалі, але пашпарты пакідалі ў Беларусі, а пазьней высьвятлялася, што гэтыя дакумэнты былі ануляваныя.

Прыкладам, нядзейсным аказаўся пашпарт у блогера Зьмітра Казлова, якога вызвалілі і дэпартавалі зь Беларусі ў верасьні летась. Пашпарт у яго дзейнічаў да 2032 году — ён яго мяняў у бабруйскай калёніі ў 2022 годзе.

«Незразумела дакладна, калі гэта было зроблена, бо мы толькі цяпер пра гэта даведаліся», — апавядаў «Вясьне» былы палітзьняволены Зьміцер Казлоў.

У падобным становішчы — бяз пашпарта, да таго ж ануляванага — апынуўся таксама праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Лабковіч, які 13 сьнежня 2025 году быў вывезены зь Беларусі бяз пашпарта, а толькі з даведкай.

Пра ануляваньне свайго пашпарта, які застаўся ў Беларусі, за мяжой даведаўся і былы палітвязень блогер Эдуард Пальчыс.

«МУС ануляваў мой і пашпарты іншых вязьняў, якіх вызвалілі. Мала таго, што яго скралі, але яшчэ і прызналі непрыдатным. Гэта, напэўна, нешта новае ў параўнаньні зь мінулымі вызваленьнямі», — апавядаў Эдуард Пальчыс, якога вывезьлі зь Беларусі ў сакавіку 2025 году.

На якой падставе анулююць пашпарты?

Прычыны, зь якіх на радзіме анулююць яшчэ дзейсныя пашпарты былых палітвязьняў, застаюцца неназванымі, адзначаюць праваабаронцы. Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва не знайшла ў афіцыйных крыніцах такога абгрунтаваньня.

«Калі правяраеш статус дакумэнту на сайце МУС, пазначана толькі, што пашпарт нядзейсны, а на якой падставе — не ўдакладняецца», — зазначыла юрыстка «Вясны».

Паводле Сьвятланы Галаўнёвай, магчымыя падставы прызнаньня пашпарта нядзейсным пералічаныя ў п. 8 Указу «Аб дакумэнтаваньні насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 3 чэрвеня 2008 г. № 294.

Сярод названых у дакумэнце прычын: адсутнасьць абавязковых зьвестак, заканчэньне тэрміну, непрыдатнасьць для выкарыстаньня, заява аб страце, зьмена імя, сьмерць або рашэньне МУС ці консульства, адзначае юрыстка.

Сьвятлана Галаўнёва мяркуе, што, «хутчэй за ўсё, пашпарты дэпартаваных палітвязьняў былі прызнаныя нядзейснымі на падставе «непрыдатнасьці для выкарыстаньня», бо, паводле яе, «менавіта гэтая фармулёўка звычайна выкарыстоўваецца, калі пашпарт прамок, парваўся ці на ім сьцерліся асабістыя зьвесткі».

Працяг перасьледу

Юрыстка кажа, што ў кожным разе можна паставіць пад сумнеў законнасьць працэдуры прызнаньня пашпарту нядзейсным ва ўмовах, калі не была выкананая законная працэдура вызваленьня — чалавека вызвалілі без асабістых дакумэнтаў.

«Такое бюракратычнае дзеяньне становіцца працягам перасьледу, яшчэ адным крокам для стварэньня ўмоваў, калі немагчыма нармальна вярнуцца ў краіну. Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйны мэханізм замацаваньня ўладамі Беларусі адвольнай дэпартацыі сваіх грамадзян», — мяркуе Сьвятлана Галаўнёва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная арганізацыя працы патрабуе ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты вызваленым лідэрам прафсаюзаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці законнае ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў і ці могуць зрабіць тое ж зь іншымі? Меркаваньне юрыста і былога сілавіка

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязьням, якіх вывезьлі зь Беларусі з пашпартамі, анулявалі дакумэнты. Пагаварылі зь імі