У Варшаве прэзэнтавалі кнігу «Архіпэляг Беларусь» зь сьведчаньнямі былых палітвязьняў

Фрагмэнт вокладкі кнігі «Архіпэляг Беларусь»

У польскім Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў імя Марэка Карпа па-польску выйшла кніга «Архіпэляг Беларусь. Сьведчаньні былых палітычных зьняволеных» (Archipelag Białoruś. Relacje byłych więźniów politycznych).

Выданьне, якое дакумэнтуе асаблівасьці рэпрэсіўнай сыстэмы Беларусі, прэзэнтавалі ў Варшаве 6 ліпеня, піша Reform.news.

«Беларусь стала адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Маштаб рэпрэсіяў суадносна да насельніцтва большы, чым у Расеі, а колькасьць зьняволеных на 100 000 жыхароў — адна з найвышэйшых у сьвеце»,— гаворыцца, сярод іншага, у кнізе.

Кнігу адкрывае артыкул былога палітвязьня Анджэя Пачобута, які апавядае пра сучасную карную сыстэму Беларусі.

«Нягледзячы на поўны кантроль над грамадзтвам, рэжым адчувае няўпэўненасьць. Гэты недахоп упэўненасьці, з аднаго боку, робіць яго надзвычай небясьпечным, але, зь іншага боку, дазваляе памяркоўна аптымістычна глядзець у будучыню Беларусі», — піша Пачобут ва ўступе да кнігі.

Іншыя сьведчаньні былі занатаваныя на замову варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў з 2025 па 2026 год.

Свае сьведчаньні далі былыя беларускія палітвязьні Антаніна Канавалава, Зьміцер Казлоў, Галіна Дзербыш, Зьміцер Кучук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Віктар Пархімчык, Павал Мажэйка, Павал Вінаградаў, Уладзімер Булаўскі, Ігар Карней, Ірына Слаўнікава, Аляксандар Фядута.

У параўнаньні з 2013 годам, калі выйшла кніга Анджэя Пачобута «Сыстэма Беларусь», цяпер «у дзеяньнях рэжыму значна больш рэпрэсіяў, чым тых „пернікаў“, якія ён раней меў для грамадзтва, — сказаў Андрэй Пачобут у пачатку сустрэчы. — Зь іншага боку, роля Савету бясьпекі моцна ўзрасла. Але гэты працэс пачаўся яшчэ перад 2020 годам».

Мадэратар сустрэчы папрасіў Анджэя Пачобута даць характарыстыку людзям, якія працуюць у турме.

«Усе гатовыя выканаць які-хаця загад. Частцы зь іх гэта прыносіць задавальненьне, а частка проста выбрала гэту працу, бо яна забясьпечвае іхную будучыню і дае адчуваньне таго, што яны на баку моцных. Некаторыя зь іх нават выказвалі мне спачуваньне. Але я ніколі да канца ня быў упэўнены, ці не была гэта зь іхнага боку нейкая гульня», — адказаў Пачобут.

Ён ні разу ня бачыў, каб нехта зь іх ня выканаў нейкага загаду.

На сустрэчы былі Павал Мажэйка, гісторыя якога ёсьць у кнізе, былая дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы — аўтарка аналітычнага пасьляслоўя і некалькіх інтэрвію ў выданьні, суаўтар пасьляслоўя Каміль Клысіньскі.

Кніга Archipelag Białoruś. Relacje byłych więźniów politycznych даступная на інтэрнэт-старонцы цэнтру, плянуецца яе пераклад на ангельскую мову.

Як ацэньваюць стан беларускіх палітвязьняў у ААН

Спэцыяльны спавяшчальнік ААН Нілс Муйжніекс выступіў 29 чэрвеня з дакладам аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за пэрыяд з 1 красавіка 2025 па 31 сакавіка 2026 году. Слуханьні адбыліся на 62-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Нядаўняе вызваленьне палітычных зьняволеных у Беларусі стварае ілюзію паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, дзе рэпрэсіі застаюцца сыстэматычнымі, паведаміў агенцтву AFP спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб правах чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.

Пры падтрымцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа сотні палітычных зьняволеных былі вызваленыя «ў абмен на зьняцьце санкцыяў з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі».

Паводле Нілса Муйжніекса, у 2025 годзе былі вызваленыя больш за 150 чалавек, вызначаных як палітычныя зьняволеныя, а яшчэ 250 вызвалілі ў сакавіку 2026 году. Тым ня менш у Беларусі, «імаверна, палітычных зьняволеных на душу насельніцтва больш, чым у любой іншай краіне сьвету», — заявіў ён агенцтву AFP.

У Беларусі на гэты момант 856 палітычных зьняволеных, пра якіх вядома праваабаронцам.

«Рэальная колькасьць амаль напэўна значна большая, бо заканадаўства дазваляе вельмі шырока ўжываць рэпрэсіі, — сказаў Муйжніекс. — Колькі яшчэ палітзьняволеных, мы ня ведаем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вярнуцца ў Беларусь маральна здаровымі». Журналістка Кацярына Андрэева сустрэлася зь беларусамі Вільні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сьпякота горш за холад». Былыя палітвязьні распавялі, як пакутавалі ад гарачыні і што рабіла адміністрацыя