Генэральны сакратар NATO: «Беларусь знаходзіцца пад велізарным уплывам Масквы»

Марк Рутэ

Кіраўнік Паўночнаатлянтычнага альянсу перакананы, што Пуцін кантралюе ўсе асноўныя падзеі і вагары ў суседняй Беларусі.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад «велізарным уплывам» Масквы. Ён сказаў пра гэта 6 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі, што папярэднічала саміту арганізацыі ў турэцкай Анкары, паведамляе карэспандэнтка ўкраінскай службы Радыё Свабода.

«Мы не павінны быць наіўнымі наконт ролі, якую адыгрывае Беларусь. Яна знаходзіцца пад велізарным уплывам Расеі і Масквы», — сказаў Рутэ ў адказ на просьбу беларускага журналіста даведацца, ці падзяляе NATO заклапочанасьць Украіны з прычыны нарошчваньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі.

«Тое, што адбываецца ў Менску, у значнай ступені натхнёнае Пуціным», — дадаў Рутэ.

У той жа час генэральны сакратар NATO адмовіўся камэнтаваць пытаньне пра магчымыя ўдары ўкраінскіх бесьпілётнікаў па рэтрансьлятарах сувязі ў Беларусі, каб іх адключыць.

«Я не магу сказаць вам усяго — так ці не, бо частка гэтай інфармацыі, вядома, засакрэчаная», — сказаў Рутэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Піншчыне чулі выбухі ў месцы, дзе, падобна, стаіць адзін з рэтрансьлятараў

Акрамя таго, Рутэ расказаў, што пастаўкі зброі Ўкраіне паводле праграмы PURL працягваюцца, але ў гэты момант існуе дэфіцыт перахопнікаў на тэрыторыі краінаў NATO. На саміце ў Анкары будзе вельмі важным абмеркаваньне далейшай дапамогі Ўкраіне — на ім выступіць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Сярод пытаньняў, якія будуць разглядаць сябры альянсу, — далейшы рост выдаткаў на абарону, разьвіцьцё вайсковай прамысловасьці і дапамога Ўкраіне.

Што папярэднічала

На пачатку чэрвеня ў Кіеве адбылося паседжаньне Рады Ўкраіна — NATO, на якім абмяркоўвалі пытаньні працягу супрацы. Тады Марк Рутэ заявіў, што Масква зусім не паказвае намеру спыніцца, яна працягвае атакаваць цывільныя аб’екты, надалей гінуць людзі, нанесена шмат матэрыяльнай шкоды.

Пытаньне расейскага ўплыву на Беларусь разглядаецца даўно. Поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны пачалася ў лютым 2022 году з атакі з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі.

6 ліпеня 2026 году Аляксандар Лукашэнка расказаў пра «гібрыдную» вайну супраць Беларусі і паабяцаў, што не адправіць беларускае войска на вайну ва Ўкраіну.

Гэта быў адказ на абвастрэньне тэмы, калі ў замежнай прэсе зьявіліся публікацыі пра тое, што Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб той паўнавартасна далучыўся да вайны супраць Украіны.

Перад гэтым Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускае войска рыхтуецца да вайны. Але ніколі не ўдакладняў, якой. Тон прапаганды застаецца антызаходнім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што не адправіць беларускае войска на вайну ва Ўкраіну

Ультыматум Зяленскага Лукашэнку

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў улады Беларусі ў тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.

У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — утрая ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

Увечары 24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня, гэта значыць праз тры дні пасьля ягонага ўльтыматуму.

Апошнімі днямі, аднак, пачасьціліся чуткі пра тое, што рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі ня зьнішчаныя і могуць быць зноў выкарыстаныя для большай дакладнасьці расейскіх атак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітычныя лідэры Літвы пагадзіліся разьмяшчаць ядзерную зброю ў краіне, але трэба зьмены ў Канстытуцыі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тлумачым з Гурневічам. Ці зможа беларуская армія ваяваць? Лічбы, тэхніка і рэальнасьць