Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўганараваньня выпускнікоў вышэйшых вайсковых навучальных установаў і найвышэйшага афіцэрскага складу.
Як паведаміла ягоная прэсавая служба, Лукашэнка зноў расказаў пра «гібрыдную» вайну супраць Беларусі і паабяцаў, што не адправіць беларускае войска на вайну ва Ўкраіну.
«Працягваецца гібрыдная вайна супраць нашай краіны. Эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг дапаўняюцца актыўным шантажом і правакацыямі на нашых паўднёвых межах. Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасьць і незалежнасьць, наш саюз з Расеяй і прыхільнасьць мірнаму ўрэгуляваньню канфлікту ва Ўкраіне», — сказаў Лукашэнка.
«Яшчэ раз падкрэсьліваю, паважаныя таварышы, ніхто вас у гэтую бойню пасылаць ня будзе. Вайна нам не патрэбная. Гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Ўкраіне. Мы прыхільнікі мірнага вырашэньня пытаньня. Але міжнародная партыя вайны гэтага ня хоча», — дадаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што па-сапраўднаму сувэрэннай «можа быць толькі тая краіна, асабліва цяпер, якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу і дзяржаве армію, якая мае ў сваім складзе сапраўдных прафэсіяналаў у пагонах», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка пра мэту вайсковых вучэньняў у Беларусі: «Мы рыхтуемся да вайны»Што папярэднічала і чаму гэта важна
Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны ад пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. З таго часу амаль уся вайсковыя і цывільныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі працуюць на забесьпячэньне расейскай арміі, выконваючы іхныя заказы ў розных сфэрах эканомікі,
Пасьля інцыдэнту зь беларускім аўтобусам, які адбыўся 17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці, Лукашэнка заявіў, што такім чынам Беларусь «нехта правакуе і спрабуе ўцягнуць у вайну». Ён канстатаваў, што гэта быў бесьпілётнік украінскага паходжаньня, і запатрабаваў ад Украіны «шчырага адказу».
Другі інцыдэнт з пашкоджаньнем беларускага аўтобуса пасьля меркаванага выбуху бесьпілётніка адбыўся 2 ліпеня на мяжы Беларусі і Расеі. На гэты раз пад удар трапіў рэйсавы аўтобус Менск — Анапа, які спыніўся на паркінгу неўзабаве пасьля перасячэньня беларуска-расейскай мяжы. Пасажыры аўтобуса ў размове зь беларускімі прапагандыстамі расказалі, што цэльлю бесьпілётніка мог быць не аўтобус, а фуры побач. У выніку ўдару адна зь іх згарэла, яшчэ дзьве атрымалі пашкоджаньні.
Перад паездкай па краінах Азіі Аляксандар Лукашэнка наведаў Расею, дзе два дні праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным. Тады ніводны з бакоў не паведаміў, пра што канкрэтна яны размаўлялі.
Дагэтуль невядома, пра што два дні Лукашэнка і Пуцін гаварылі на Валдаи. Магчыма, адной з тэмаў мог быць (ня)удзел Менску ў вайне Расеі супраць Украіны. Перад сустрэчай з Пуціным Лукашэнка публічна папрасіў ня ўцягваць Беларусь у вайну.
Апроч таго, Лукашэнка мог перадаць Пуціну пасланьне з Кіева — 29 чэрвеня Insider UA з спасылкай на крыніцы ў офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведаміў, што Лукашэнка мог прапанаваць Пуціну пачаць мірныя перамовы. Пры гэтым у Крамлі заявілі, што Пуцін ніякага пасланьня не атрымліваў.
Перад гэтым Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускае войска рыхтуецца да вайны.