Статкевіч анансаваў выданьне зборніка сваіх турэмных эсэ, якія ён пачаў ствараць з 2005 году

Мікола Статкевіч пасьля выхаду з турмы, фота facebook.com/maryna.adamovic

Палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч паведаміў, што цалкам завяршыў аднаўленьне сваіх турэмных эсэ, цяпер зборнік рыхтуецца да друку.

Паводле яго, зборнік будзе складацца зь дзьвюх частак: першая тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сытуацыі, а другая прысьвечаная пошуку стратэгіяў захаваньня і разьвіцьця невялікай краіны і нацыі, заціснутай паміж дзьвюма варожымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі.

Статкевіч адзначыў, што ў турме ён кіраваўся парадай Марка Аўрэлія — каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розуму.

«Я афармляў свае меркаваньні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у сеціве. Калі магчымасьцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць у памяці і запісаць ужо пасьля вызваленьня. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зьняволеньні, пачынаючы з 2005 году», — паведаміў палітык.

Адзін з турэмных лістоў Міколы Статкевіча, 2021 год. Архіўнае фота

«Я вельмі ўдзячны былым сябрам Народнай Грамады, якія адгукнуліся і прапанавалі сваю дапамогу ў складаньні зборніка і яго друку. Як мне толькі што паведамілі, зараз ён друкуецца і хутка выйдзе ў сьвет. А пакуль я вырашыў апублікаваць тут сваё ўводнае слова да яго», — паведаміў Мікола Статкевіч у сваім Telegram-канале.

Якія высновы робіць Статкевіч

Палітык мяркуе, што пасьля ўстанаўленьня рэпрэсіўнага рэжыму ў людзей дэмакратычных перакананьняў ёсьць пяць гадоў, каб вярнуць краіне свабоду.

«Потым грамадзтва стамляецца, траціць веру ў перамены і пачынае прыстасоўвацца да сытуацыі. А рэжым тымчасам умацоўвае свае структуры здушэньня і кантролю грамадзтва. Такім чынам, барацьба пераходзіць у доўгатэрміновую стадыю, дзе ўсё вырашае наяўнасьць у рэжыму рэсурсаў на здушэньне і кантроль, а ў грамадзтва — маральных сілаў для супраціву», — напісаў ён.

Мікола Статкевіч адзначыў, што рэжым у Беларусі забясьпечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваньне за абяцаньні і дзеяньні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазьбежнага паглынаньня Беларусі Расеяй.

«Пагроза існаваньню краіны ператварала барацьбу за дэмакратыю ў барацьбу за незалежнасьць, што надавала маральных сілаў беларускім патрыётам. Для нас было надзвычай важным „трымаць сьцяг свабоды“ — пастаянна публічнымі акцыямі паказваць людзям, што свабода вартая, каб за яе змагацца, каб ня даць ператварыць нацыю ў пакорлівы абыякавы статак, каб агонь свабоды ня быў патушаны назаўсёды. Нашых сілаў і падтрымкі грамадзтва хапіла б для перамогі над дыктатурай, але іх не ставала для перамогі над Масквой», — адзначыў ён.

Паводле палітыка, рэжым разумеў небясьпеку для сябе ад патрыятычнага супраціву і пастаянна падвышаў яго цану — спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыя маёмасьці, потым «абмежаваньні волі», потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ўва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданьні і забойствы. «Будучыня свабоды і незалежнасьці залежала ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану», — мяркуе Статкевіч.

Колішні палітвязень дадаў, што «праца» спэцслужбаў у кірунку «выпраўленьня ворагаў» не спынялася і ў месцах зьняволеньня, дзе ён адбыў амаль 14 гадоў.

«Пастаянна, наўпрост ці празь іншых зьняволеных, палітвязьню спрабуюць давесьці пра бессэнсоўнасьць яго змаганьня, пра дарэмна патрачанае жыцьцё, пра нікому не патрэбныя пакуты блізкіх, пра шкоднасьць яго барацьбы для народу і краіны. Я заўсёды адказваю на пытаньні. І калі такія пытаньні гучалі, я фармуляваў адказы на іх. Спачатку для сябе, потым для іншых патрыётаў, якія працягваюць змаганьне ці таксама апынуліся ў зьняволеньні, каб маральна падтрымаць іх. Мне дапамагаў немалы жыцьцёвы досьвед, досьвед уласнага супраціву і навыкі навуковых дасьледаваньняў», — расказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мікалай Статкевіч усклаў кветкі да магілы Акрэсьціна ў Менску

Хто такі Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
  • У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.
  • У верасьні 2025-га яго вызвалілі разам з іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
  • 19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
  • 17 сакавіка 2026-га каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.