Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч усклаў кветкі да магілы Акрэсьціна ў Менску

Мікалай Статкевіч на Вайсковых могілках, 8 траўня 2026 году
Мікалай Статкевіч на Вайсковых могілках, 8 траўня 2026 году

«Мёртвыя не вінаватыя, калі іх выкарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах. Яны ня могуць устаць з магіл, каб абараніць сябе. Як ня можа ўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсьцін, каб запярэчыць таму, што ягонае імя ў вачах усёй плянэты зьвязалі зь месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананьні», — напісаў Статкевіч у Тэлеграме.

Магіла Барыса Акрэсьціна на Вайсковых могілках з ускладзенымі кветкамі, 8 траўня 2026
Магіла Барыса Акрэсьціна на Вайсковых могілках з ускладзенымі кветкамі, 8 траўня 2026

Статкевіч адзначыў, што ў 2020 годзе падчас арышту ў ізалятары на 1-м завулку Акрэсьціна яго дадаткова пакаралі 15 днямі арышту акурат за ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня таго году.

«Я думаю, што цяжка знайсьці больш красамоўнае сьведчаньне сапраўднага стаўленьня ўладаў да памяці шматмільённых ахвяр той, разьвязанай таталітарнымі рэжымамі вайны», — напісаў Статкевіч.

Паводле яго, традыцыя ўскладаньня кветак на салдацкія магілы 8 траўня не перарывалася з 1992 году, у тым ліку ў тыя гады, калі ён быў за кратамі.

З другой паловы 90-х гадоў, калі ганебная слава ізалятара «на Акрэсьціна» зрабіла прозьвішча лётчыка хадзячай назвай, актывісты пачалі ўскладаць кветкі да ягонай магілы.

«Каб абараніць гонар маладога героя, які ня можа мець нічога агульнага з пэнітэнцыярнай установай на вуліцы яго імя», — патлумачыў Мікола Статкевіч.

Паводле ягоных падлікаў, агулам ён правёў у тым сумнавядомым ізалятары каля году.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG