У М’янме, якую нядаўна наведаў Лукашэнка, да восені адкрыюць амбасаду Беларусі

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на адкрыцьці вуліцы Менскай ў сталіцы М’янмы 28 лістапада 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову аб адкрыцьці амбасады Беларусі ў М’янме, дзе з 2021 году працягваецца грамадзянская вайна.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі павінны адкрыць да 1 лістапада 2026 году.

Кіраўнік ураду Беларусі даручыў Міністэрству фінансаў вылучыць на адкрыцьцё і ўтрыманьне амбасады сродкі, прадугледжаныя для Міністэрства замежных справаў.

Трэцяга ліпеня стала вядома, што Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму. Сталі вядомыя ўмовы

Што папярэднічала

2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пасьля Расеі, Кітаю і Інданэзіі накіраваўся ў М’янму.

Прэсавая служба Лукашэнкі абнародавала ягоныя выказваньні толькі з пратакольнай часткі сустрэчы з прэзыдэнтам М’янмы Мін Аўнг Глайнгам. Яны былі агульныя і даволі фармальныя:

  • «Мы з вамі павінны даць старт новай ступені разьвіцьця дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі, якія будуць характарызавацца як прыклад для іншых краін гэтага рэгіёну».
  • «Мы не сябруем супраць кагосьці, мы сябруем і разьвіваем нашыя дачыненьні на карысьць нашым народам».

Лукашэнка павіншаваў Мін Аўнг Глайнга з безумоўнай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах — яны праходзілі ў тры этапы з сьнежня 2025 да студзеня 2026 году.

Трэцяга ліпеня на афіцыйным сайце Лукашэнкі апублікавалі ягонае віншаваньне Мін Аўнг Глайнгу з 70-годзьдзем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля Расеі, Кітаю, Інданэзіі Лукашэнка накіраваўся ў М’янму, дзе кіруе вайсковая хунта

Асноўная сфэра супрацы — абарона

Гэта была пятая сустрэча Лукашэнкі і кіраўніка вайсковай хунты М’янмы.

Мін Аўнг Глайнг тройчы наведваў Менск — у 2014 і ў сакавіку і чэрвені 2025 году. Галоўным пунктам трох візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны паглыбленьня абароннай супрацы.

Вайсковая каапэрацыя каардынуецца праз сумесную камісію вайскова-тэхнічнай супрацы, на якой абмяркоўваюць пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгіяў і навучаньня.

Чаму гэта важна

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, падпісаньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграмаў.

Justice For Myanmar заклікае заходнія дзяржавы каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на караблях і самалётах, якія курсуюць паміж Беларусьсю і М’янмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, празь якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускі саўдзел у чыннасьцях мʼянманскай хунты. У прыватнасьці, супраць БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць уведзеныя санкцыі і шырокі акадэмічны байкот з прычыны іх сувязяў з хунтай.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны — народу рагінг’я.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка ў М’янме падзяліўся сакрэтамі «стабільнасьці» і «перамогі» на выбарах. Што яшчэ вядома пра супрацу рэжымаў