Украіна з пачатку года амаль 200 разоў атакава расейскія НПЗ — у 11 разоў больш, чым летась

Пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Славянску-на-Кубані, Краснадарскі край

З пачатку 2026 года Украіна нанесла па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах як мінімум 194 удары — гэта ў 11 разоў больш, чым за той жа пэрыяд мінулага года. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на дадзеныя польскай аналітычнай кампаніі Rochan Consulting.

Паводле падлікаў аналітыкаў, у маі ўкраінскія дроны 16 разоў пасьпяхова паразілі НПЗ — гэта рэкордны месячны паказчык за ўвесь час вайны.

Экспэрты зьвязваюць рост эфэктыўнасьці атак з масавым вытворчасьцю далёкабойных бесьпілётнікаў і больш дакладным плянаваньнем апэрацый. Украінскія афіцыйныя асобы таксама адзначаюць, што ЗША перадаюць разьведдадзеныя, якія дапамагаюць выбіраць маршруты абыходу расейскай супрацьпаветранай абароны.

Дырэктар Rochan Consulting Конрад Музыка адзначыў, што кампанія Украіны «трансфармавалася з вузкай апэрацыі супраць энэргетычнай інфраструктуры ў больш шырокую стратэгічную кампанію па адначасовым аслабленьні энэргетычнай, лягістычнай, прамысловай і экспартнай сыстэм Расеі».

Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што перахоплівае большасьць украінскіх бесьпілётнікаў. Паводле яго дадзеных, за апошнія паўгода над тэрыторыяй Расеі і акупаванымі раёнамі Украіны зьбіта амаль 64 тысячы дронаў.

У той жа час украінскія і расейскія крыніцы Financial Times паведамляюць, што перамоўны працэс застаецца заблякаваным: расейскі бок патрабуе ад ЗША ціску на Кіеў для саступак, а новы раўнд трохбаковых перамоў малаверагодны прынамсі да канца лета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Гаазе абвясьціла пра стварэньне міжпарлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь