У Маскоўскім раёне Менску працягваюцца працы па абнаўленьні Габрэйскага мэмарыяльнага парку на вуліцы Сухой, дзе знаходзяцца былыя габрэйскія могілкі. Спрэчкі выклікаў вываз з тэрыторыі могілак надмагільных камянёў, які адбыўся ў канцы чэрвеня, піша выданьне «Наша ніва».
На сёньня вынікам стала тое, што ўлады Маскоўскага раёну Менска паабяцалі вярнуць гэтыя надмагільныя камяні, якія вывозіліся з тэрыторыі могілак на час будаўнічых прац.
Паводле ТГ-каналу Маскоўскага раёну Менска да гэтага абяцаньня далучылася і аб’яднаньне «Іўдзейскае рэлігійнае абʼяднаньне ў Рэспубліцы Беларусь», якое ўдзельнічае ў рэалізацыі ініцыятывы па стварэньні ляпідарыя — мэмарыяльнай кампазыцыі, якая ўвекавечыць памяць аб нэкропалі, які існаваў на гэтым месцы з 1868 года, а ў часе другой сусьветнай вайны трапіў у тэрыторыю гета.
Што казалі ўдзельнікі дыскусіі?
Заява раённых уладаў пра абавязковае вяртаньне надмагільляў зьявілася 3 ліпеня ў адказ на ранейшую крытыку валантэраў пра вываз 23 і 24 чэрвеня 250 гістарычных мацэваў з тэрыторыі былых Габрэйскіх могілак да сынагогі на вуліцы Даўмана.
Вываз гістарычных надмагільляў з тэрыторыі Габрэйскага мэмарыяльнага парку ў Менску
Паводле тэлеграм-каналу «Спадчына», рашэньне вывезьці надмагільлі да сынагогі на вуліцы Даўмана пазбаўляе гістарычнае месца на вуліцы Сухой апошніх візуальных сьлядоў прысутнасьці могілак.
«Не магу не раскрытыкаваць гэтае рашэньне, бо гістарычнае месца пазбавілі апошніх візуальных сьлядоў прысутнасьці могілак у мэмарыяльным парку. Гэта можна было б прыняць, калі б тэрыторыя нэкропаля была шчыльна забудаваная ці помнікам пагражала б фізычнае зьнішчэньне. Аднак ляжаць без догляду і ўвагі — натуральны стан надмагільляў на старых могілках», — піша ТГ-канал «Спадчына».
Між тым дзеяньні валянтэраў па вывазу надмагільляў да сынагогі на вуліцы Даўмана падтрымаў галоўны рабін іўдзейскага рэлігійнага абʼяднаньня ў Беларусі Мардэхай Райхінштэйн.
«На могілках пліты былі раскіданыя хаатычна. Няма ніякай сувязі зь месцам, дзе знаходзіцца пліта, і самой плітой, і няма ніякай гарантыі, што ў такім выпадку яны будуць захаваныя. Стварэньне мэмарыяла — адзіны спосаб дастойна захаваць сьведчаньні гісторыі», — адзначаў рабін.
Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў паведаміў, што ў красавіку 2026 году канцэпцыя будучага мэмарыяла абмяркоўвалася з рэлігійнай грамадой.
Ён асобна падкрэсьліў, што будучы ляпідарый зьявіцца менавіта на вуліцы Сухой і стане значным абʼектам для ўсяго раёну.
Першы ляпідарый стварылі ў Берасьці
Ляпідарый (у перакладзе з лацінскай lapis — камень) — гэта музэй альбо адмысловая экспазыцыя, дзе зьберагаюцца і дэманструюцца старадаўнія каменныя вырабы (археалягічныя знаходкі, надмагільлі, фрагмэнты старажытных будынкаў, калёны, скульптуры і пліты з надпісамі).
Такія калекцыі часта ствараюцца непасрэдна на месцах археалягічных раскопак, на былых могілках альбо як спэцыяльныя залі ці адкрытыя пляцоўкі пры гістарычных музэях.
У 2025 годзе першы ў Беларусі ляпідарый сварылі на месцы былых габрэйскіх могілак у Берасьці, якія існавалі з 1835 году. Ляпідарый у Берасьці зьберагае памяць пра гісторыю горада праз уратаваныя мацэвы.
На тэрыторыі гэтага ляпідарыю паставілі больш за 1200 надмагільных камянёў. А ягоныя сьцены сымбалізуюць абдымкі.