Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцяну плачу» ствараюць на габрэйскіх могілках у Магілёве з аскепкаў надмагільных пліт. ФОТА


Ляпідарый у Магілёве

Актывісты габрэйскай грамады на ахвяраваньні суродзічаў рамантуюць надмагільлі, а з аскепкаў зруйнаваных пліт зьбіраюць ляпідарый.

У Магілёве ратуюць могілкавыя помнікі і тое, што засталося ад іх. Актывісты кажуць, што іхная руплівасьць на могілках працуе на імідж гораду і некалі паспрыяе разьвіцьцю настальгічнага турызму.

Ляпідарый з аскепкамі пліт пасярод занядбанага ўчастку габрэйскіх могілак
Ляпідарый з аскепкамі пліт пасярод занядбанага ўчастку габрэйскіх могілак

«Нашы ляпідарыі зробленыя з абломкаў мармуровых пліт, якія стаялі на магілах незаможных габрэяў, у якіх не было сродкаў на вялікі манумэнт, — тлумачыць адна з актывістак грамады. — Абломкі сабраныя з усіх могілак. На жаль, іх засталося няшмат. Многія нельга скласьці, каб атрымаць поўную інфармацыю пра нябожчыка. Ляпідарый (калектыўны помнік) стане месцам ушанаваньня для тых габрэяў, родзічы якіх пахаваныя тут, але іхныя магілы зьнішчаныя».

Так складаецца ляпідарый
Так складаецца ляпідарый

У складаньні ляпідарыя ўдзельнічае маладое пакаленьне габрэйскай грамады Магілёва. Паводле іх, удзелам у праекце яны «выказваюць пашану да памяці продкаў».

Габрэйскія могілкі ў Магілёве займаюць 6,6 гектара, траціна іх прыпадае на гістарычную частку. Нямала помнікаў на ёй паламана ці перакулена, бо дагледзець іх няма каму. Многія за апошнія 50–60 гадоў панішчаны.

За аднаўленьне надмагільляў у 2018 годзе актывісты габрэйскай грамады ўзяліся пасьля таго, як пад пагрозай зьнішчэньня апынулася больш за сто пахаваньняў ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў. Знаўцы габрэйскай культуры лічаць многія зь іх узорамі высокай культуры. Вырабляліся яны ня толькі ў Беларусі, але ў Польшчы, Літве ды Расеі.

Згодна з новай рэдакцыяй закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» мясцовае дзяржаўнае спэцыялізаванае прадпрыемства атрымала права ўтылізаваць надмагільлі, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне».

У 2019 годзе Магілёўскі аблвыканкам прызнаў габрэйскія могілкі гісторыка-мэмарыяльным месцам пахаваньня. Такі статус габрэйскім кладам надалі ўпершыню ў Беларусі.

Сабраны ляпідарый
Сабраны ляпідарый

За тры гады працы, па словах актывістаў габрэйскай грамады, адноўлена некалькі дзясяткаў помнікаў. Паводле іхных падлікаў, блізу сотні надмагільляў чакаюць сваёй чаргі. Справу тармозіць нястача грошай.

Экскурсія па габрэйскіх могілках на ўчастку з адноўленымі помнікамі
Экскурсія па габрэйскіх могілках на ўчастку з адноўленымі помнікамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG