Злучаныя Штаты Амэрыкі абвесьцілі незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 4 ліпеня 1776 году на Другім кантынэнтальным кангрэсе ў Філядэльфіі. Удзел у кангрэсе прымалі дэпутаты ад 13 штатаў, разьмешчаных на ўзьбярэжжы Атлянтычнага акіяну. 4 ліпеня была падпісаная Дэклярацыя аб незалежнасьці, Канстытуцыю новай краіны прынялі пазьней, ужо пасьля завяршэньня вайны з ангельцамі.
Сучасныя ЗША вядуць сваю гісторыю непасрэдна з дня падпісаньня Дэклярацыі ў Філядэльфіі. У эўрапейскім гістарычным вымярэньні 250 гадоў можа здацца не такім ужо і працяглым пэрыядам. Але, зважаючы на тое, што ЗША ўвесь гэты час жывуць фактычна з адной і той жа Канстытуцыяй, дзеяньне якой не перарывалася, гэтую дзяржаву можна лічыць адной з найстарэйшых у сьвеце.
Тэкст Дэклярацыі аб незалежнасьці ЗША, падпісанай 4 ліпеня 1776 году
Удзельнічалі ў яе стварэньні і людзі, якія маюць дачыненьне да Беларусі. Дакладней, да беларускіх зямель і культуры, бо назваць беларусам таго ж Тадэвуша Касьцюшку можна толькі з пэўнай доляй умоўнасьці. І ён такі быў зусім не адзін. У амэрыканскіх крыніцах добраахвотнікаў зь ліку ўраджэнцаў тагачаснай Рэчы Паспалітай часта называюць палякамі. Гэта былі людзі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі сваёй краіны і пасьля атрыманых паразаў і першага падзелу Рэчы Паспалітай праз Францыю перабіраліся ў Паўночную Амэрыку. Якая, зусім як Украіна зараз, патрабавала ў той час дапамогі ў вайне супраць імпэрыі. Вызначыць іх дакладныя месцы нараджэньня або паходжаньне зараз складана. Мы часта можам меркаваць аб іх сувязях зь Беларусьсю толькі ўскосна. Тым ня менш свой сьлед у амэрыканскай гісторыі яны пакінулі. І ня толькі ў амэрыканскай.
12 тысяч даляраў за абарону Нью-Ёрку
Касьцюшка, бадай, — самы вядомы ўдзельнік амэрыканскай вайны за незалежнасьць ад Брытаніі, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Беларускія карані Касьцюшкі бясспрэчныя, яго месца нараджэньня ў Мерачоўшчыне ў тагачаснай Рэчы Паспалітай і сучаснай Берасьцейшчыне вызначана дакладна. Ужо ў незалежнай Беларусі побач з Косаўскім палацам была пабудаваная сядзіба ў традыцыйным стылі, дзе разьмясьцілі музэй Касьцюшкі.
Знак на ўезьдзе ў мястэчка Касьцюшка ў штаце Місісіпі, названае ў гонар ураджэнца Беларусі
Ці размаўляў Касьцюшка па-беларуску, невядома. Яго сям’я не была вельмі заможнай, Касьцюшкі валодалі адносна невялікімі надзеламі, дзе жылі толькі некалькі дзясяткаў сялянскіх сем’яў. У 20-гадовым узросьце Тадэвуш паехаў вучыцца вайсковай справе ў Варшаву, пасьля некалькі разоў вяртаўся на радзіму. Вядома таксама, што яго продкі паходзілі пераважна з беларускіх зямель, яны былі праваслаўнымі, у каталіцтва перайшлі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя.
Дом-музэй Тадэвуша Касьцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына каля Косава
У ЗША Тадэвуш Касьцюшка апынуўся пасьля няўдалай рамантычнай гісторыі на радзіме ў Беларусі. Тадэвуш, які сымпатызаваў амэрыканскім барацьбітам за незалежнасьць і пасьля вучобы ў Варшаве меў вайсковую інжынэрную спэцыяльнасьць, падаў прашэньне аб уступленьні ў шэрагі амэрыканскага войска ў чэрвені 1776 году, яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці новай дзяржавы.
Тадэвуш Касьцюшка літаграфія выстава "Славутыя асобы Беларусі"
Падчас амэрыканскай вайны Тадэвуш Касьцюшка займаўся тым, чаму вучыўся ў Варшаве — вайсковай інжынэрыяй, а менавіта пабудовай фартоў і ўмацаваньняў, выбарам месцаў для арганізацыі абароны. Да яго не заўсёды прыслухоўваліся, але ў выніку ўраджэнец Беларусі займеў аўтарытэт. У апошнія гады вайны ён займаўся абаронай Нью-Ёрку. Ордэн Цынцынаці, адну з найвышэйшых амэрыканскіх узнагародаў таго часу, Касьцюшку ўручаў асабіста першы прэзыдэнт ЗША Джордж Вашынгтон, вядомы беларусам з партрэту на 1-даляравай банкноце.
Пасьля заканчэньня вайны за незалежнасьць ЗША Касьцюшка нейкі час чакаў платы за свае паслугі (амэрыканскі ўрад быў вінен яму 12 тысяч даляраў у цэнах таго часу). Тадэвушу прапаноўвалі таксама вялікі зямельны надзел, аднак ён адмовіўся ад яго і вярнуўся на радзіму, незалежнасьці якой ад Расеі спрабаваў дамагчыся ў 1794-м. Але няўдала.
Пірацкі карабель «Князь Радзівіл»
Малады і ўжо незалежны амэрыканскі ўрад падчас вайны з ангельцамі адразу сутыкнуўся зь вялікай праблемай — адсутнасьцю вайсковага флёту, які б не даваў Брытаніі забясьпечваць свае войскі на тэрыторыі ўжо былых калёніяў правіянтам і боепрыпасамі. Рашэньне было адначасова простым і вымушаным. Амэрыканцы пачалі выдаваць ахвочым так званыя капэрскія ліцэнзіі. Іншымі словамі — легалізавалі пірацтва. Ідэя была ня новай, Брытанія сама дзейнічала падобным чынам у сваіх бясконцых морскіх войнах з Гішпаніяй. Яе істота у тым, што ўрад фактычна дазваляў прыватнаму караблю і яго капітану з камандай рабаваць іншыя караблі ў дзяржаўных і нэўтральных водах. Здабыча пры гэтым або цалкам заставалася ў піратаў, або дзялілася паміж імі і прадстаўнікамі ўлады.
Шлюп брытанскага каралеўскага флёту HMS Speedy, часоў 19 стагоддзя. Прыкладна так маглі выглядаць і караблі Міклашэвіча
Адным з такіх капэраў і стаў чалавек, якога звалі Фэлікс Міклашэвіч. Вядома пра яго зусім няшмат. Як і Касьцюшка, Міклашэвіч прыбыў у ЗША з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якая існавала свае апошнія дзесяцігодзьдзі. Розныя крыніцы падаюць яго прозьвішча па-рознаму. Можна сустрэць варыянты Felix Miklaszewicz, альбо Feliksas Miklaševičius у больш сучасных дакумэнтах. Апошні грунтуецца на тым, што амэрыканскія крыніцы часоў вайны за незалежнасьць называлі Міклашэвіча «літоўскім шляхціцам», указваючы на яго паходжаньне з усходу Рэчы Паспалітай. У сучаснай Беларусі прозьвішча Міклашэвіч можна сустрэць на Горадзеншчыне. Імем Фэлікс хлопчыкаў там жа называлі яшчэ ў першай палове ХХ стагодзьдзя.
Так ці іначай, але ў 1782 годзе Фэлікс Міклашэвіч выйшаў у мора, а дакладней у Атлянтычны акіян, на шлюпе Scotch Trick («Шатляндзкі фокус»). Шлюп гэты быў цалкам прыдатны да пірацтва — тры мачты, каля 100 чалавек каманды, дзясятак гарматаў. Якім чынам складвалася пірацкая кар’ера Фэлікса і хто ўвайшоў у каманду ягонага шлюпу, дакладна невядома. Але можна меркаваць, што справы ішлі пасьпяхова. Міклашэвіч патруляваў усё тагачаснае амэрыканскае атлянтычнае ўзьбярэжжа — ад Ньюфаўндленду да Флорыды — і ўжо праз год рабункаў брытанскіх караблёў змог набыць у сваю пірацкую флятылію яшчэ адзін карабель, які атрымаў імя Prince Radziwiłł. Як мяркуецца, новы пірацкі карабель Фэлікс мог назваць у гонар свайго добрага знаёмага з часоў антырасейскай Барскай канфэдэрацыі Караля Станіслава Радзівіла. Таго самага легендарнага нясьвіскага «Пане Каханку».
Караль Станіслаў Радзівіл, у гонар якога Міклашэвіч мог назваць свой пірацкі карабель
Пра далейшы лёс і карабля, і самога Фэлікса Міклашэвіча вядома зусім няшмат. Пасьля завяршэньня вайны Міклашэвіч застаўся ў ЗША і пасяліўся ў горадзе Савана, дзе займаўся гандлем. Зараз гэта буйны морскі порт у штаце Джорджыя. Пазьней жыў у Паўднёвай Караліне.
Кавалерысты Пуласкага
Казімер Пуласкі нарадзіўся і вырас у Варшаве. Але баявы досьвед і вядомасьць будучы стваральнік кавалерыі арміі ЗША займеў у ваколіцах Слоніма і Ваўкавыску, дзе ў якасьці маршалка Барскай канфэдэрацыі (шляхоцкага аб’яднаньня, якое ў канцы 1760-х гадоў выступіла супраць расейскага ўплыву на Рэч Паспалітую. — РС) пасьпяхова ваяваў з рэгулярнымі войскамі Расейскай імпэрыі. У выніку пасьпяховых дзеяньняў Пуласкага на захадзе Беларусі колькасьць ягоных аддзелаў павялічылася да 4000 чалавек. У 1771-м Казімер Пуласкі няўдала паспрабаваў выкрасьці тагачаснага караля Рэчы Паспалітай, ураджэнца Беларусі Станіслава Панятоўскага, якога небеспадстаўна вінаваціў у прарасейскіх настроях.
Казімір Пуласкі на кані, малюнак Юліуша Коссака, 1883 год
За незалежнасьць Рэчы Паспалітай Пуласкі ваяваў з расейцамі да самага першага яе падзелу ў 1772 годзе, пасьля чаго перабраўся ў Заходнюю Эўропу, а ў 1777 — у ЗША. Ужо налета Казімер Пуласкі атрымаў у амэрыканскім войску званьне генэрала кавалерыі і стварыў уласны легіён зь некалькіх соцень вершнікаў, куды ўвайшлі ў тым ліку тыя, хто ваяваў разам з Пуласкім у часы яго беларускіх паходаў. У першую чаргу гэта датычыла афіцэрскага складу, былых паплечнікаў Пуласкага ў Барскай канфэдэрацыі, ураджэнцаў Рэчы Паспалітай. Гэтыя людзі мелі набыты ў баях з расейскімі войскамі досьвед, якога моцна бракавала тагачаснай амэрыканскай арміі.
Легіёны Пуласкага дзейнічалі пераважна на поўдні тагачасных ЗША. Справы ішлі ня вельмі добра, генэралу кавалерыі перашкаджала дрэннае валоданьне ангельскай мовай і брак досьведу ў шараговых кавалерыстаў, якіх набіралі зь ліку мясцовых амэрыканскіх жаўнераў. Гісторыя конных легіёнаў Казімера Пуласкага скончылася ўвосень 1779 году, калі ён загінуў у баі на тэрыторыі Джорджыі.
Сёньня ў ЗША Казімера Пуласкага і яго вершнікаў лічаць заснавальнікамі прафэсійнай амэрыканскай кавалерыі. Імёны яго паплечнікаў застаюцца пераважна невядомымі, але гістарычныя дасьледаваньні на тэму вайны за незалежнасьць ЗША працягваюцца, таму можна чакаць адкрыцьця новых прозьвішчаў. У тым ліку і беларускіх.