Затрыманага ў Польшчы за шпіянаж на карысьць КДБ беларуса адправілі пад арышт. У чым яго падазраюць?

Супрацоўнікі Службы ўнутранай бясьпекі Польшчы

Сталі вядомыя пэўныя падрабязнасьці новага шпіёнскага скандалу, зьвязаным зь дзейнасьцю КДБ у Польшчы.

Нацыянальная пракуратура Польшчы апублікавала больш інфармацыі пра затрыманых Агенцтвам унутранай бясьпекі беларуса і паляка, якія здымалі на відэа акцыі беларусаў у Варшаве.

Затрыманага грамадзяніна Беларусі завуць Аляксей Б., а грамадзяніна Польшчы — Рафал Г. Беларусу 19 гадоў, у Польшчы ён знаходзіцца легальна, працаваў у Варшаве афіцыянтам.

Затрыманым выставілі абвінавачаньні ў дзеяньнях у інтарэсах замежнай выведкі ў 2024–2025 гадах у Варшаве і іншых месцах краіны.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Яцэк Дабжынскі канкрэтызаваў у камэнтары тэлеканалу TVPinfo, чым менавіта займаліся затрыманыя.

«Як мінімум зь мінулай восені яны езьдзілі тут, у Варшаве, на розныя мерапрыемствы беларускай меншасьці, на пратэсты, фэстывалі. Там, падкрэсьліваю, на ўказаньне беларускіх спэцслужбаў яны фатаграфавалі ўдзельнікаў, здымалі відэа і перасылалі іх праз усходнюю мяжу, каб беларускія спэцслужбы, службы Лукашэнкі, выкарыстоўвалі ў сваіх карысьлівых, і, вядома ж, у прапагандысцкіх мэтах».

Таксама прадстаўнік спэцслужбаў паведаміў, што суд ужо вынес пастанову, і 19‑гадовы беларус правядзе наступныя тры месяцы пад вартай.

Польскі грамадзянін, як паведамлялася, застаецца на волі, пад паліцэйскім наглядам, яму забаронены выезд з краіны, у яго забралі пашпарт. Больш пра яго нічога не гавораць.

Расьсьледаваньне пашыраецца, адзін з арыштаваных памёр

Паводле інфармацыі Нацыянальнай пракуратуры, справа не замыкаецца на дзьвюх асобах — у межах расьсьледавання ўжо затрымалі пяць чалавек, у тым у ліку траіх грамадзян Беларусі і дваіх — Украіны.

Трое падазраваных знаходзяцца пад вартай зь лістапада 2025 году, адзін зьмешчаны ў цэнтар утрыманьня непаўналетніх, адзін з падазраваных памёр.

Дзейнасьць падазраваных каардынавалася праз Telegram. Аплату яны атрымлівалі ў крыптавалюце.

Акрамя здыманьня мерапрыемстваў беларусаў, падазраваныя таксама здымалі аб’екты «крытычнай інфраструктуры і іншых месцаў, якія маюць вырашальнае значэньне для бясьпекі дзяржавы і яе грамадзян». Таксама заданьні ўключалі маляваньне графіці і распаўсюд плякатаў.

Што вядома пра папярэднія затрыманьні?

25–26 лістапада 2025 году ў Варшаве і Беластоку былі затрыманыя пяць падазраваных: грамадзяне Ўкраіны Аляксандар С. і непаўналетняя Сафія Ч., а таксама грамадзяне Беларусі Вікторыя М., Антон М. і Ўладзімер У.

Паводле агенцтва, падазраваных завэрбавалі праз мэсэнджар Telegram, яны фатаграфавалі аб’екты і атрымлівалі інфармацыю аб крытычна важнай інфраструктуры, сыстэмах і аб’ектах, «якія маюць вырашальнае значэнне для бясьпекі Рэспублікі Польшча і яе грамадзян», а таксама разьмяшчалі плякаты і стваралі графіці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуса і паляка вінавацяць у працы на беларускую спэцслужбу ў Польшчы

Подкуп дэманстрантаў

Сярод шэрагу шпіёнскіх скандалаў, якія страсянулі Польшчу апошнімі гадамі, ёсьць разбурэньне чыгуначных каляінаў, спробы перасыланьня асабістай інфармацыі ў Беларусь, перадача зьвестак пра польскія стратэгічныя і вайсковыя аб'екты. А нядаўна зьявіўся і подкуп дэманстрантаў з мэтай маніпуляцыі грамадзкай думкай.

У канцы чэрвеня 2026 году стала вядома, што ў Варшаве, Кракаве, Быдгашчы, Закапаным і Ўроцлаве затрымалі двух грамадзян Беларусі і дзевяцярых — Украіны, каб неадкладна выслаць іх з Польшчы.

Яны зь мінулай восені вэрбавалі за атрыманыя з Расеі грошы людзей для ўдзелу ў дэманстрацыях, арганізаваных між украінскіх уцекачоў у Польшчы. Гэтак Расея імкнулася займець уплыў на ўкраінскіх уцекачоў, каб выкарыстоўваць іх для папулярызацыі палітычных лёзунгаў, сьцьвярджае Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы 2 беларусаў і 9 украінцаў дэпартуюць за подкуп дэманстрантаў