Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы 2 беларусаў і 9 украінцаў дэпартуюць за подкуп дэманстрантаў

Акцыя супраць карупцыі ва Ўкраіне. Уроцлаў, 25 красавіка
Акцыя супраць карупцыі ва Ўкраіне. Уроцлаў, 25 красавіка

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы заявіла пра выкрыцьцё мэханізму падбухторваньня ўкраінскіх уцекачоў у Польшчы да мітынгаў на замову Расеі.

Днямі ў Варшаве, Кракаве, Быдгашчы, Закапанэ і Ўроцлаве затрымалі двух грамадзян Беларусі і дзевяцярых — Украіны, каб неадкладна выслаць іх з Польшчы.

Яны зь мінулай восені вэрбавалі за атрыманыя з Расеі грошы людзей для ўдзелу ў дэманстрацыях, арганізаваных між украінскіх уцекачоў у Польшчы. Гэтак Расея імкнулася займець уплыў на ўкраінскіх уцекачоў, каб выкарыстоўваць іх для папулярызацыі палітычных лёзунгаў, сьцьвярджае Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

Каб распаліць пратэсты, выкарыстоўваліся эмацыйныя нагоды, зьвязаныя з карупцыйнымі скандаламі і іншымі надзённымі праблемамі ўкраінскай палітыкі.

«Гэта прыклад дзеяньняў, ніжэйшых за парог клясычнай агрэсіі, мэта якіх — падарваць грамадзкі давер, распальваць напружанасьць і выкарыстоўваць людзей, што ўцякаюць ад вайны, як інструмэнт расейскай апэрацыі ўплыву», — гаворыцца ў паведамленьні польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Што папярэднічала

Летась 30 кастрычніка каля ўкраінскага пасольства ў Варшаве прайшоў антываенны мітынг з удзелам 50-100 чалавек. Паводле Kyiv Post, удзельнікам з фэйкавага акаўнта ў сацсетках абяцалі $40 за ўдзел.

Сёлета 25 красавіка каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Ўроцлава на дэманстрацыю супраць карупцыі ва Ўкраіне. Паводле InPoland.net.pl, пратэстоўцаў падвозілі на аўтобусах і абяцалі 100-150 даляраў за ўдзел.

Паводле Bihus.Info, часам тыя самыя людзі былі на розных мітынгах у розных гарадах.

У расейскіх СМІ і сацсетках пасьля той акцыі зьявіліся сьцьвярджэньні, што «эўрапейскія мэдыя адмовіліся асьвятляць пратэсты супраць Зяленскага ў Польшчы» або што «тры тысячы ўкраінскіх уцекачоў выйшлі на пратэст супраць Зяленскага, але эўрапейскія мэдыя прамаўчалі», пісала Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG