Ва Ўкраіне заявілі, што не атакавалі беларускі аўтобус

Беларускі аўтобус пасьля атакі дрона, стоп-кадар дзяржаўнага выданьня news.by

Ва ўкраінскім генштабе абверглі заявы пра нібыта ўкраінскі ўдар па пасажырскім аўтобусе.

У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны назвалі «сьвядомай і цынічнай правакацыяй» заявы расейскага боку пра нібыта ўкраінскі ўдар па пасажырскім аўтобусе «Менск — Анапа» ў раёне памежнага пераходу «Красны Камень» у Бранскай вобласьці РФ.

Такія заявы РФ скіраваныя выключна на тое, каб прыкрыць свой удар па Кіеве, заявіў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Андрэй Кавалёў, словы якога цытуюць украінскія СМІ.

«Вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ традыцыйна зьвяртаецца да інсцэніровак і абстрэлаў уласных грамадзян, спрабуючы адцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці ад чарговага акту тэрарызму ў Кіеве, дзе ў выніку масаванай атакі расейскіх войскаў па жылых кварталах загінулі і былі параненыя дзясяткі мірных жыхароў», — заявіў Кавалёў.

«Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны афіцыйна заяўляе, што Сілы абароны Ўкраіны не наносілі ніякіх удараў па названым цывільным транспарце, а ўсе абвінавачаньні з боку краіны-агрэсара абсалютна ілжывыя і сфабрыкаваныя», — дадаў ён.

Прадстаўнік генштабу падкрэсьліў, што ўкраінскія сілы наносяць удары толькі па законных вайсковых цэлях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дрон зноў атакаваў беларускі аўтобус. Расейцы на запраўках Беларусі. Фэст у Будславе. Навіны 2 ліпеня

Гэта ўжо другі інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Расеі за апошні час

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны заявілі, што Расея выкарыстала інцыдэнт, каб уцягнуць Беларусь у сваю інфармацыйную апэрацыю для апраўданьня маштабных удараў па гарадах і вёсках Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дрон ударыў у пасажырскі аўтобус на выезьдзе зь Беларусі ў Расею. Менск: гэта выпадковасьць