Вярхоўны суд вызначыў, як замяняць пакараньне на больш жорсткае. Як гэта тычыцца палітвязьняў

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Найбольш увагі ў пастанове суду прысьвечана асобам, якія ня сплачваюць штрафы.

Пленум Вярхоўнага суду Беларусі на чале з Андрэем Шведам 24 чэрвеня прыняў пастанову № 10 пад назвай «Аб практыцы разгляду судамі пытаньняў аб замене пакараньня стражэйшым пакараньнем у выпадку злоснага ўхіленьня ад яго адбываньня». Пастанова апублікаваная на Нацыянальным партале і пачала дзейнічаць.

Рашэньне пленуму Вярхоўнага суду, як сказана ў дакумэнце, прынятае пасьля «абагульненьня практыкі разгляду судамі пытаньняў аб замене пакараньня стражэйшым пакараньнем у выпадку злоснага ўхіленьня ад яго адбываньня».

Паводле Вярхоўнага суду, ніжэйшым судам трэба прызначаць больш жорсткія пакараньні тым, хто ўхіляецца ад выплаты штрафаў і выкананьня іншых пакараньняў, вызначаных судом як асноўныя: забароны займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю, выкананьня грамадзкіх альбо папраўчых працаў, абмежаваньня свабоды.

«Замена крымінальнага пакараньня стражэйшым пакараньнем у выпадку злоснага ўхіленьня асуджанага ад яго адбываньня» будзе гарантаваць захаваньне прынцыпу «непазьбежнасьці пакараньня», — запэўніваюць судзьдзі Вярхоўнага суду.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка, камэнтуючы пастанову пленуму Вярхоўнага суду № 10, заўважыў, што не знайшоў у дакумэнце новых юрыдычных нормаў.

«Пастанова не стварае новых нормаў, гэта ўпарадкаваньне тых, што ўжо ёсьць у Крымінальным кодэксе, з загадам ужываць больш жорсткія. Таму рэпрэсіўны ўхіл пастановы відавочны», — мяркуе Павал Сапелка. Юрыст заўважае, што ў дакумэнце найбольш увагі прысьвечана асобам, якія ня сплачваюць штрафы.

«Думаю, гэта скіравана найперш на „папаўненьне бюджэту“, а ня клопат пра нейкія прынцыпы кшталту „непазьбежнасьці пакараньня“. Бюджэту, натуральна, патрэбныя грошы, а штрафнікі часта ня маюць з чаго іх плаціць, вось і загадана іх запалохваць рэальнымі тэрмінамі ды караць тых, хто ня плаціць, каб іншыя баяліся. Дзеля гэтага ў Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул № 50, які загадана часьцей выкарыстоўваць», — мяркуе юрыст Павал Сапелка.

Якое пакараньне за нясплату штрафу прадугледжвае артыкул 50 Крымінальнага кодэксу?

Штрафнік, які не выконвае прысуд, рызыкуе адправіцца на 3 месяцы пад арышт, а можа атрымаць абмежаваньне волі на больш працяглы тэрмін, заўважыў Павал Сапелка. Паводле яго, у такім выпадку суд можа прызначыць пакараньне абмежаваньнем волі, але спачатку трэба ўстанавіць факт злоснага ўхіленьня ад выплаты штрафу.

«Замяніць штраф арыштам з разьліку адзін дзень арышту за дзесяць базавых велічыняў штрафу, зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленага на дзень выраку, але на тэрмін, ня большы за тры месяцы», — запісана ў 50-м артыкуле Крымінальнага кодэксу (КК).

Таксама паводле КК суд можа прызначыць таму, хто не аплаціў штраф, абмежаваньне волі («хімію»), але не даўжэй, чым на 5 гадоў.

«Або абмежаваньне свабоды з разьліку адзін месяц абмежаваньня свабоды за пяць базавых велічыняў штрафу, зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленага на дзень выраку, але на тэрмін не большы за пяць гадоў», — працытаваў КК юрыст Павал Сапелка.

Пастанова пленуму Вярхоўнага суду для вынясеньня больш жорсткага пакараньня прадпісвыае карыстацца артыкуламі 49, 51, 52 і 55 КК.

Ці пагражае пастанова «палітычным» у Беларусі і за мяжой?

Ці распаўсюджваюцца такія захады на беларусаў, асуджаных паводле артыкулаў, якія праваабаронцы ўважаюць за палітычныя? Юрыст Павал Сапелка гэта пацьвердзіў, але сказаў, што, паводле ягоных зьвестак, беларусаў, якім з палітычных прычын прысудзілі як асноўнае пакараньне штрафы, вельмі мала.

«Тым палітычным, хто знаходзіцца ў Беларусі і ня можа ці ня хоча плаціць штраф, магчыма, могуць пагоршыць умовы. Але мы такіх людзей фактычна ня ведаем. А тым палітычным, хто зьехаў з Беларусі, гэтая пастанова ўжо нічым новым пагражаць ня можа. Калі не сплаціў штаф, беларускія суды выкарыстоўваюць арышт і канфіскацыю маёмасьці, апошні прыклад — «справа Хільмановіча». Але яшчэ год завочнай няволі нікому не пагражае», — мяркуе праваабаронца Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі памілаваныя 32 чалавекі, зь якіх 28 — палітвязьні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вясна» дасьледавала, як улады Беларусі прыхоўваюць рэпрэсіі і ствараюць ілюзію спакою