Беларуса і паляка вінавацяць у працы на беларускую спэцслужбу ў Польшчы

Ілюстрацыйнае фота

Іх абвінавачваюць у здыманьні імпрэзаў беларускіх дэмакратычных сілаў у Варшаве для спэцслужбаў Беларусі.

Грамадзянін Беларусі арыштаваны за «працу на замежную выведку», паведаміла 2 ліпеня Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (ABW). З паведамленьня вынікае, што ён рабіў фота- і відэаздымкі імпрэзаў беларускіх дэмакратычных сілаў у Варшаве, а гэтыя матэрыялы пасьля выкарыстоўваліся ў прапагандзе рэжыму Лукашэнкі.

Як паведамляе сайт ABW, «25 чэрвеня 2026 году ў Варшаве супрацоўнікі ABW затрымалі грамадзяніна Беларусі і грамадзяніна Польшчы, якія выконвалі платныя заданьні, даручаныя замежнымі спэцслужбамі».

Яны вялі фотадакумэнтацыю і відэазапісы акцыяў, арганізаваных беларусамі Варшавы. Гэтыя матэрыялы затым выкарыстоўваліся ў прапагандысцкай прадукцыі кіроўнага ў Беларусі рэжыму.

«Гэта чарговы акт справы, які дэманструе, што чужыя службы спрабуюць выкарыстоўваць нават легальныя сацыяльныя і грамадзкія імпрэзы для рэалізацыі ўласных інтарэсаў. Мэта такіх дзеяньняў — ня толькі збор інфармацыі, але і аказаньне ціску, запалохваньне эміграцыйных асяродкаў і ўзмацненьне прапагандысцкіх пасланьняў дзяржаваў, варожых Польшчы», — заяўляе ABW.

Пасьля азнаямленьня з доказамі раённы суд у Любліне пастанавіў зьмясьціць грамадзяніна Беларусі пад варту на тры месяцы. Да грамадзяніна Польшчы пракурор ужыў меры стрыманьня, ня зьвязаныя з пазбаўленьнем волі: забарону пакідаць краіну ў спалучэньні з забраньнем пашпарта і паліцэйскім наглядам.

Каго затрымалі раней

Гэта ня першы падобны выпадак. У лістападзе летась арыштавалі дваіх грамадзян Украіны і траіх беларусаў. Ім выставілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў дзейнасьці замежнай выведкі.

«Расьсьледаваньне працягваецца. Магчымыя далейшыя арышты», — паведамляе ABW.

25–26 лістапада 2025 году ў Варшаве і Беластоку былі затрыманыя пяць падазраваных: грамадзяне Ўкраіны Аляксандар С. і непаўналетняя Сафія Ч., а таксама грамадзяне Беларусі Вікторыя М., Антон М. і Ўладзімер У.

Паводле агенцтва, падазраваных завэрбавалі праз мэсэнджар Telegram, яны фатаграфавалі аб’екты і атрымлівалі інфармацыю аб крытычна важнай інфраструктуры, сыстэмах і аб’ектах, «якія маюць вырашальнае значэнне для бясьпекі Рэспублікі Польшча і яе грамадзян», а таксама разьмяшчалі плякаты і стваралі графіці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы 2 беларусаў і 9 украінцаў дэпартуюць за подкуп дэманстрантаў