Расейскае войска атакавала Кіеў ракетамі і дронамі, шмат ахвяраў, абрынулася шэсьць паверхаў жылога дому

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве ў ноч на 2 ліпеня 2026 году

Расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 74 ракетамі і 496 дронамі розных тыпаў. Супрацьпаветраная абарона змагла зьняшкодзіць 48 ракет і 476 дронаў. У Расеі заявілі, што стралялі нібыта па вайсковых аб’ектах.

Улады Кіева паведамілі аб лучаньні расейскіх удараў у ноч на 2 ліпеня сама меней у 30 лякацыяў.

«Вораг чарговы раз б’е па жылых кварталах і забівае мірных жыхароў. Маем вельмі сур’ёзныя зруйнаваньні і значную колькасьць пацярпелых, у тым ліку дзяцей», — паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.

Паводле гарадзкіх уладаў, загінулі сама меней 17 чалавек, больш за 80 параненыя.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў жылым дзевяціпавярховым доме ў Дарніцкім раёне ў выніку пацэльваньня зруйнаваныя шэсьць паверхаў.

У выніку расейскага абстрэлу ў Кіеве пацярпелі 28 лякацыяў у сямі раёнах гораду. Пераважна гэта жылыя дамы і аб’екты цывільнай інфраструктуры.

Улады абвясьцілі жалобу 3 ліпеня.

У Днепрапятроўскай вобласьці два чалавекі атрымалі раненьні, у Палтаўскай — чатыры чалавекі, шмат разбурэньняў у жылым сэктары. Ад моцных абстрэлаў пацярпелі яшчэ тры вобласьці — Кіеўская, Чаркаская і Чарнігаўская. Улады паведамілі аб пажарах у месцах лучаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад расейскіх удараў ва Ўкраіне загінулі 17 чалавек у 5 абласьцях

У Расеі заявілі, што нанесьлі «дакладныя» ўдары па вайсковых аб’ектах

У Міністэрстве абароны Расеі абстрэл Украіны традыцыйна назвалі «адказам на тэрарыстычныя атакі кіеўскага рэжыму на цывільную інфраструктуру Расеі».

Паводле ведамства, расейскія вайскоўцы «нанесьлі масаваны ўдар высокадакладнай зброяй вялікае далёкасьці паветранага, наземнага, морскага базаваньня і ўдарнымі бесьпілётнікамі, у выніку якога пацэлілі ў прадпрыемствы вайсковай прамысловасьці і аб’екты паліўна-энэргетычнага комплексу ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці, а таксама інфраструктуру вайсковых аэрадромаў у Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай вобласьцях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія дроны зноў даляцелі да Татарстану. Расейскія войскі абстралялі інфраструктуру пад Кіевам


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.