Калі ў 2020–2021 гадах улады Беларусі дзейнічалі максымальна паказальна, дык у апошнія гады тактыка рэжыму зьмянілася, адзначаюць праваабаронцы. Паводле аўтараў дакладу, рэжым наўмысна стварае ілюзію спакою, за якой хаваецца жорсткі і глыбокі ціск: штогод у Беларусі фіксуецца каля 5 тысяч новых палітычных крымінальных справаў.
«Гэтыя гіганцкія „рэзэрвы“ дазваляюць рэжыму трымаць краіну ў татальным страху», — робяць выснову аўтары дакладу «Вясны».
Новыя масавыя крымінальныя справы
З 2025 году ўлады вельмі скупа распаўсюджвалі статыстыку перасьледу. Новыя буйныя справы, у межах якіх зьявіліся тысячы новых абвінавачаных, статыстычна застаюцца пад заслонай сакрэтнасьці, адзначаюць праваабаронцы.
Красамоўным прыкладам хаваньня рэальнай статыстыкі, нягледзячы на шырокі рэзананс у грамадзтве і за межамі Беларусі, «Вясна» называе справу «Беларускага Гаюна».
Праваабаронцы называюць гэтую справу самай масавай сярод «экстрэмісцкіх» і адзначаюць, што патэнцыйна пад пагрозай перасьледу апынуліся не менш за 30 000 чалавек, а паводле зафіксаваных на пачатак чэрвеня 2026 году зьвестак было асуджана каля 200 чалавек.
«Справа Гаюна» стала яскравай ілюстрацыяй «схаваных рэпрэсіяў»: усе людзі, зь якімі праваабаронцы кантактуюць у актуальных пытаньнях, зьвязаных з крымінальным перасьледам, адзначаюць велізарную колькасьць у СІЗА абвінавачаных паводле гэтай справы. Згодна са зьвесткамі праваабаронцаў, ня менш за чвэрць вядомых ім людзей асуджаныя на пазбаўленьне волі, амаль столькі ж — на абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову і на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Пакараньні астатніх невядомыя, — адзначаецца ў дакладзе «Вясны».
Як мяркуюць праваабаронцы, ня менш за палову фігурантаў гэтай справы асуджаюць на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, аднак пасьля таго, як абвінавачаных працяглы час патрымаюць пад вартай у СІЗА.
Яшчэ адзін прыклад схаваных рэпрэсіяў — справа Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Наступствам стала тое, што пад пагрозу крымінальнага перасьледу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» трапляюць студэнты, іх бацькі, выкладчыкі і адміністрацыя навучальнай установы. Гэта тысячы людзей, калі адлічваць зь сярэдзіны 2021 году — моманту «крыміналізацыі» ЭГУ, заўважаюць праваабаронцы.
Разгром чатаў сваякоў зьняволеных
Паводле дакладу «Вясны», улады павялічылі ціск і на тых, хто можа мець і распаўсюджваць непажаданыя зьвесткі пра рэпрэсіі.
Гэтак, у сакавіку 2026 году Цэнтральны суд Менску прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-чат «СИЗО № 1 Колядичи», дзе перапісваліся родзічы людзей, зьмешчаных у сталічны ізалятар. Далейшыя падзеі прывялі да больш складаных наступстваў: у красавіку суполка пад гэтай жа назвай была ўключана ў пералік «экстрэмісцкіх фармаваньняў», што крыміналізуе практычна ўсякае ўзаемадзеяньне зь ёю і яшчэ некалькімі дзясяткамі інтэрнэт-супольнасьцяў, мяркуюць праваабаронцы. «Вясна» падкрэсьлівае, што групы сваякоў зьняволеных сталі ахвярамі рэпрэсіяў у дачыненьні да палітвязьняў і праваабаронцаў, а таксама спробаў уладаў яшчэ больш абмежаваць доступ да інфармацыі аб сытуацыі з палітвязьнямі.
«Нармалізацыя» рэпрэсіяў
Камэнтуючы новую практыку замоўчваньня рэальнага памеру рэпрэсіяў, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка адзначае трывожную тэндэнцыю ўзмацненьня падзелу беларускага грамадзтва:
«„Нармалізацыя“ рэпрэсіяў і, як наступства гэтага, вымушаная адаптацыя людзей да інфармацыйнага вакуўму ды схаванага ціску можа прывесьці да глыбокага каштоўнаснага расколу паміж беларусамі ўнутры краіны, а таксама паміж Беларусьсю і дэмакратычным сьветам. Фактычна варта казаць пра пагрозу цывілізацыйнага адкату грамадзтва Беларусі ў разуменьні правоў чалавека», — адзначае праваабаронца.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.