Запушчаны ў час Глябальнага тыдня барацьбы з катаваньнямі ў чэрвені 2025 году, рэйтынг у 2026 годзе ахоплівае 39 краін у пяці рэгіёнах плянэты.
У Глябальным індэксе катаваньняў 2026 году Беларусь ацэненая як краіна, што знаходзіцца ў зоне «вельмі высокай рызыкі».
На сваім сайце арганізацыя адзначае, што Індэкс ацэньвае нацыянальныя прававыя сыстэмы, дзяржаўную палітыку ды іх рэальнае ўзьдзеяньне на міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека паводле сямі тэматычных напрамкаў ды рэгіянальным аналізе.
Арганізатары задумалі, што індэкс будзе карыснай інфармацыяй для ўрадаў, міжнародных арганізацый ды грамадзкасьці з дапамогай інтэрактыўнай і даступнай онлайн-плятформы.
Для складаньня сьпісу зьбіраюць зьвесткі ў мясцовых арганізацый грамадзянскай супольнасьці ды праваабаронцаў, выяўляюць новыя тэндэнцыі і назапашваюць сьведчаньні пацярпелых.
Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў Беларусі застаюцца шырока распаўсюджанымі, сыстэматычнымі і санкцыянаванымі дзяржавай, адзначаюць экспэрты OMCT.
«Крызіс у галіне правоў чалавека, выкліканы спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, паглыбіўся і ператварыўся ва ўкаранёную сыстэму рэпрэсій», — гаворыцца ў тлумачэньні.
У сакавіку 2026 году ўлады вызвалілі шэраг зьняволеных праваабаронцаў, аднак многія зь іх па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай. Адначасова Лукашэнка заявіў, што адрэагуе на любое аднаўленьне пратэстаў «самым жорсткім чынам, не зьвяртаючы ўвагі на законы» — гэта відавочнае ўхваленьне гвалту.
Палітычныя зьняволеныя, жанчыны, прадстаўнікі ЛГБТКІА+ супольнасьці і асобы, якія перасьледуюцца паводле расплывістых законаў аб «барацьбе з экстрэмізмам», зазнаюць катаваньняў, уключна са зьбіцьцём, электрашокам, катаваньнямі ў нязручных позах і сэксуальнымі прыніжэньнямі, асабліва ў першыя гадзіны ўтрыманьня пад вартай.
У Беларусі катаваньні не крыміналізаваныя як асобнае злачынства, адсутнічае нацыянальны прэвэнтыўны мэханізм, незалежны маніторынг утрыманьня пад вартай грамадзянскай супольнасцю забаронены, а Група незалежных экспэртаў арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыйшла да высновы, што парушэньні, учыненыя з 2020 году, увасабляюць шырока распаўсюджаную і сыстэматычную практыку, раўназначную злачынствам супраць чалавечнасьці. Міжнародны крымінальны суд пачаў расьсьледаваньне злачынстваў.
OMCT выступіла з рэкамэндацыямі Рэспубліцы Беларусь. Прачытаць іх можна на сайце арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дакладчык ААН заявіў, што ў Беларусі больш палітычных зьняволеных на душу насельніцтва, чым у любой іншай краіне сьветуШто гэта значыць?
Новы рэйтынг, які пачалі весьці нядаўна, афіцыйна фіксуе на міжнародным роўні кепскае становішча вязьняў, асабліва палітычных, падкрэсьліваючы раней сабраныя факты пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах.
Тыдзень таму таксама на міжнароднай арэне выйшаў дакумэнт, які расказвае пра катаваньні ў асобна ўзятай калёніі. Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі 23 чэрвеня выпусьціў грамадзкае расьсьледаваньне «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў папраўчай калёніі № 3 Віцебскай вобласьці».
Дакумэнт падрыхтавалі на падставе 29 размоваў з былымі палітвязьнямі, якія сядзелі ў гэтай калёніі, дзеля спрашчэньня названай «Віцьба-3», зь лістапада 2020 да лістапада 2023 году. Расшыфроўка тэкстаў размоў заняла агулам 1836 старонак звычайным шрыфтам, непасрэдна ў спавешчаньні 87 старонак.
Цяперашні індэкс пацьвярджае — гэта агульная тэндэнцыя ў Рэспубліцы Беларусь пры кіраваньні Аляксандра Лукашэнкі. Палітвязьні тут сыстэматычна і мэтанакіравана зазнаюць катаваньняў і жорсткага абыходжаньня за тое, што выступілі супраць уладаў і нязьменнага нелегітымнага кіраўніка.
Дарэчы, гэтымі днямі адбываецца выстава пра катаваньні ў беларускіх турмах. У Віленскім музэі акупацыі і барацьбы за свабоду, ладная частка экспазыцыі якога прысьвечаная дакумэнтаваньню злачынстваў КДБ, адкрылася выстава пра беларускіх палітвязьняў. Яна складаецца са сьведчаньняў, якія ў гэтыя гады склалі палітвязьні, нядаўна выпушчаныя з турмаў. Выставу праваабаронцы назвалі «Кошт нязгоды: дакумэнтальнае сьведчаньне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі».