30 чэрвеня ў Пэкіне ўручалі дыплёмы ўдзельнікам навучаньня ў сумеснай праграме БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту ў спэцыяльнасьці «біятэхналёгія».
Сярод выпускнікоў быў і Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. На цырымонію прыбыў і сам Аляксандар Лукашэнка, паведаміў тэлеграм-канал ягонай прэсавай службы.
Мікалай Лукашэнка вучыўся ў Пэкінскім унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі». Сакратар партыйнага камітэту кітайскай ВНУ Хаў Пін раней расказваў тэлеканалу «Беларусь 1», што хлопец нікому ня кажа, хто ягоны бацька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта выкарыстаньне службовага становішча ў прыватных інтарэсах». Латушка пра Лукашэнку на выпускным сына ў ПэкінеПра тое, што малодшы сын Лукашэнкі Беларусі вучыцца ў Пэкінскім унівэрсытэце, стала вядома ў 2023 годзе — пра гэта апавёў сам Аляксандр Лукашэнка. Факультэту і спэцыялізацыі ён тады не назваў.
Перад урачыстасьцю 30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Пэкінскага ўнівэрсытэту. Ён выступіў з прамовай перад выпускнікамі.
«Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны былі практыка-арыентаванымі. У адваротным выпадку навошта гэтае навучаньне, калі гэта ня будзе ў поўнай меры зьвернута на практыку і ня будзе прыносіць карысьць двум народам?» — сказаў на цырымоніі Аляксандар Лукашэнка.
Пагадненьне аб стварэньні сумеснай праграмы ў біятэхналёгіях паміж БДУ і Пэкінскім унівэрсытэтам было падпісана ў 2022 годзе, а ў ліпені 2025 году бакі пашырылі супрацу.
Раней Лукашэнка даў свайму сыну падвышаную стыпэндыю.
Стыпэндыя памерам 251,99 рубля ў месяц была прызначаная Аляксандрам Лукашэнкам 31 сьнежня 2025 году на першы сэмэстар цяперашняга навучальнага году для адораных студэнтаў.
У сьпісе рады спэцыяльнага фонду Лукашэнкі для сацыяльнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў — каля 200 чалавек, сярод якіх студэнт чацьвёртага курсу БДУ Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі.
На сацыяльныя стыпэндыі было вылучана больш за мільён рублёў з спэцыяльнага фонду Лукашэнкі, які фармуецца зь дзяржаўнага бюджэту.